Пошук

Вынікі паводкі ў Эквадоры Вынікі паводкі ў Эквадоры 

Духоўная салідарнасць Папы пасля стыхійнага бедства ў Эквадоры

Францішак выказаў свае спачуванні сем’ям загінулых у выніку паводкі, якая абрынулася на сталіцу Эквадора Кіта 31 студзеня 2022 года, і паабяцаў маліцца за іх.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Святы Айцец, з глыбокім смуткам даведаўшыся пра стыхійнае бедства, якое закранула гэты дарагі народ і якое прынесла столькі ахвяр і матэрыяльнай шкоды, запэўнівае ў малітоўнай падтрымцы ў інтэнцыі вечнага спачыну памерлых”, - гаворыцца ў тэлеграме, падпісанай кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам.

Францішак “просіць Бога даць суцяшэнне сваякам і тым, хто пакутуе ў гэты момант болю і нявызначанасці, а таксама падтрымаць сваімі ласкамі ўсіх тых, хто займаецца пошукам зніклых без вестак і цяжкім працэсам аднаўлення спустошаных раёнаў”. Ён кіруе сваё благаслаўленне і звяртаецца да Маці Божай з Эль-Кінчэ, каб “заступілася перад сваім сынам Езусам Хрыстом за ўсіх сыноў і дачок Эквадора, якія пацярпелі ў выніку катастрофы”.
 

09 лютага 2022, 12:27