Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа разлічвае на сумленнасць палітыкаў ва “ўкраінскім пытанні”

Францішак у чарговы раз за апошнія дні звярнуў увагу на сітуацыю вакол Украіны. Адмысловы заклік ён скіраваў 13 лютага 2022 года падчас традыцыйнай сустрэчы з вернікамі на Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Навіны, якія прыходзяць з Украіны, вельмі непакояць. Я давяраю ўсе намаганні на карысць міру заступніцтву Панны Марыі і сумленню палітычных лідараў”, - сказаў Папа і запрасіў усіх сабраных на плошчы св. Пятра і ля экранаў памаліцца ў цішыні ў гэтай інтэнцыі.

У апошнія месяцы адносіны паміж Расіяй і краінамі Захаду застаюцца напружанымі. На Захадзе заяўляюць аб канцэнтрацыі расійскіх войскаў ля ўкраінскай мяжы і аб пагрозе расійскага ўварвання ва Украіну. Улады Расійскай Федэрацыі адмаўляюць планы вайсковай агрэсіі.

Студзеньская серыя перамоў Расіі з ЗША, НАТА і Арганізацыяй па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе не прынесла жаданых вынікаў. Захад заклікае Маскву адвесці войскі ад украінскай мяжы і пагражае беспрэцэдэнтнымі санкцыямі. Расія ж абвінавачвае краіны Захаду ва ўзбраенні Украіны і правядзенні манеўраў ля сваіх меж.
 

13 лютага 2022, 12:58