Пошук

Падчас пленарнага пасяджэння епіскапату Венесуэлы Падчас пленарнага пасяджэння епіскапату Венесуэлы 

Венесуэла: епіскапат нагадвае пра драматычную сітуацыю ў краіне

Епіскапат Венесуэлы нагадаў аб працяглай катастрафічнай сацыяльнай, эканамічнай і палітычнай сітуацыі, у якой апынулася патэнцыяльна адна з самых багатых краін Лацінскай Амерыкі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта адбылося ў выніку сістэмных і эканамічных пераўтварэнняў, уведзеных Уга Чавесам і яго пераемнікам Нікаласам Мадурай. Ідэалогія ўзяла пад кантроль сістэму ўлады, парушаючы правы чалавека, - напісалі венесуэльскія біскупы ў сваёй заяве па выніках пленарнага пасяджэння.

Іерархі занепакоены абмежаваннем грамадзянскіх правоў з боку рэжыму, які хоча застацца пры ўладзе любой цаной, нягледзячы на паслядоўныя няўдачы. Епіскапат нагадаў, што працягваецца дэмантаж дэмакратычных інстытутаў, пераважная большасць грамадзян жыве ў галечы, а шэсць мільёнаў венесуэльцаў пакінулі краіну. У аснове дзейнасці ўладаў ляжыць воля змяніць чалавека, створанага для свабоды і адказнасці, у выканаўцу загадаў ідалапаклонніцкіх цэнтраў сілы, - гаворыцца ў дакуменце.

У гутарцы з Vatican News новы старшыня епіскапату, арцыбіскуп Хесус Гансалес дэ Саратэ падкрэсліў, што сітуацыя ў Венесуэле становіцца ўсё больш драматычнай. Людзі пакутуюць, растуць незадаволенасць і трывога. І гэта прычына закліку Касцёла да абнаўлення краіны на аснове евангельскіх каштоўнасцей, салідарнасці, справядлівасці і свабоды, якія заўсёды былі падмуркам венесуэльскага грамадства.
 

15 студзеня 2022, 10:27