Пошук

Францішак з Ніколай Дзынгарэці Францішак з Ніколай Дзынгарэці 

Францішак размаўляў з уладамі Рыма аб дапамозе бедным

Папа разам з рымскімі ўладамі хоча рэалізаваць некалькі ініцыятыў па дапамозе бедным. 8 студзеня 2022 года ён прыняў мэра Рыма Раберта Гуальцьеры і кіраўніка рэгіёна Лацыё Ніколу Дзынгарэці.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Абодва сацыял-дэмакратычныя палітыкі апублікавалі ў фэйсбуку заявы. Гуальцьеры паведаміў, што абмяняўся думкамі з Францішкам, у тым ліку на тэму дапамогі хворым у горадзе. Ён паведаміў, што значна павялічылася колькасць спальных месцаў для бяздомных. “Дзякую Святому Айцу за яго словы заахвочвання і пастаянную цікавасць да найбольш уразлівых слаёў насельніцтва”, - адзначыў мэр.

Дзынгарэці ў сваім допісе прызнаўся, што Лацыё хоча ахвяраваць грошы на куплю вакцын для Афрыкі. З гэтай мэтай рэгіён далучыцца да ініцыятывы Coop for Africa, у якую ўжо залучаны некалькі арганізацый. “Як неаднаразова заклікаў сам Францішак, мы павінны працаваць над тым, каб кожны ў кожным кутку свету мог абараніць сябе ад каронавіруса”, - падкрэсліў італьянскі палітык.

Некалькі дзён таму Папа звярнуўся да рымскіх уладаў з просьбай аб большай салідарнасці. Падчас набажэнства на заканчэнне года Францішак крытыкаваў цяперашнюю сітуацыю, калі пасля пачатковай фазы вялікай салідарнасці ў 2020 годзе цяпер у многіх выпадках распаўсюдзілася мысленне “ратуйся, хто можа”. Як біскуп Рыма ён заклікаў горад быць адкрытым для людзей, якія жывуць у нястачы, і падтрымліваць іх у нялёгкім паўсядзённым жыцці.
 

09 студзеня 2022, 13:39