Пошук

Vatican News
Давід Сасолі падчас сустрэчы з кардыналам П'етра Паралінам Давід Сасолі падчас сустрэчы з кардыналам П'етра Паралінам 

Еўрапейскія біскупы пра памерлага Давіда Сасолі

Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці і Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы выказалі спачуванні пасля смерці старшыні Еўрапарламента Давіда Сасолі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Быў чалавекам каштоўнасцей, дыялогу і абавязку, і як журналіст, і як лідар Еўрапейскага саюза працаваў на карысць агульнага дабра, паляпшэння якасці дэмакратычных інстытутаў і набліжэння іх да еўрапейскіх грамадзян, - напісаў пасля смерці італьянскага палітыка старшыня COMECE, кардынал Жан-Клод Олерыш. Палітык памёр 11 студзеня 2022 года на 65-м годзе жыцця.

Іерарх нагадаў, што з моманту свайго абрання кіраўніком Еўрапарламента ў 2019 годзе Сасолі “суправаджаў працу еўрапейскіх інстытутаў па такіх ключавых пытаннях, як пашырэнне правоў і магчымасцей моладзі, барацьба з беднасцю, аднаўленне пасля пандэміі і канферэнцыя аб будучыні Еўропы”. Ён выказаў перакананне, што “добрыя якасці адданага сваёй справе чыноўніка не засталіся незаўважанымі для многіх маладых еўрапейцаў, якія не толькі будуць памятаць яго, але і працягваць развіваць яго спадчыну на карысць дэмакратыі і салідарнасці".

Давід Сасолі хацеў, каб палітыка была бліжэй да грамадзян і іх патрэб, - напісаў у спачуванні пасля смерці старшыні Еўрапарламента арцыбіскуп Гінтарас Грушас, кіраўнік Рады Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE).

“Журналіст, тэлевядучы, вядомы твар тэленавін Raiuno, у 2009 годзе ён вырашыў прысвяціць сябе палітыцы. Абраны ў 2019 годзе старшынёй Еўрапарламента, пацвердзіў неабходнасць палітыкі, бліжэйшай да грамадзян і іх патрэб, асабліва да моладзі, прасоўвання еўрапейскіх каштоўнасцей і асаблівай увагі да найбольш абяздоленых. Еўрапейскія біскупы памятаюць пра яго вялікае палітычнае і інстытуцыянальнае значэнне і прыхільнасць, як верніка, да дыялогу і служэння агульнаму дабру”, - напісаў арцыбіскуп Віленскі.
 

12 студзеня 2022, 11:13