Пошук

Vatican News
Мячэць і ўніверсітэт Аль-Азхар Мячэць і ўніверсітэт Аль-Азхар  

Вялікі імам: адносіны з Святым Пасадам – “эфектыўная мадэль”

Вялікі імам Універсітэта Аль-Азхар у Каіры Ахмед Эль-Таеб заклікаў да братэрства, суіснавання і ўзаемапавагі ў свеце.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Адносіны паміж Аль-Азхарам і Святым Пасадам з'яўляюцца эфектыўнай мадэллю для прасоўвання талерантнасці, міру, барацьбы з экстрэмізмам, нянавісцю, войнамі і спрэчкамі, - сказаў ісламскі лідар 4 снежня 2021 года падчас сустрэчы ў Каіры з старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардыналам Мігелем Анхелем Аюса Гішотам. Яго словы прыводзяць егіпецкія СМІ.

Эль-Таеб падкрэсліў, што Дакумент аб усеагульным братэрстве, падпісаны ім і Папам у лютым 2019 г. у Абу-Дабі, прапануе рашэнні праблем сучаснага свету з рэлігійнага пункту гледжання. У тэксце, які лічыцца знакавым у пытанні міжрэлігійнага дыялогу, змешчана выразная адмова ад насілля ў імя рэлігіі.

Шлях міру і дыялогу цяжкі і знясільваючы. Тым не менш, кожны павінен прыкласці намаганні, каб ісці па ім, - сказаў ісламскі духоўны аўтарытэт. Ён нагадаў навукоўцам і рэлігійным лідарам пра іх абавязак супрацьстаяць негатыўным ідэалогіям, якія шкодзяць маральнаму здароўю грамадства.

Кардынал Аюса высока ацаніў сумесныя намаганні Вялікага імама і Пантыфіка. Ён падкрэсліў, што праз сваю сустрэчу абодва рэлігійныя лідары паслалі людзям ва ўсім свеце выразны сігнал любові і міру.

У рамках візіту ў Каір ватыканскі іерарх прачытаў лекцыю ва ўніверсітэце Аль-Азхар. Паводле егіпецкай газеты Al-Ahram, ён заклікаў экстрэмістаў прызнаць, што магчымы такі міжрэлігійны дыялог, які не пагражае ідэнтычнасці і фундаментальным перакананням рэлігіі.

Аль-Азхар – самая старажытная мячэць у Каіры і адна з самых важных у Егіпце. Пры ёй дзейнічае ўніверсітэт, які лічыцца галоўным інтэлектуальным цэнтрам суніцкага ісламу. Зараз тут навучаецца каля 20 тысяч студэнтаў.
 

07 снежня 2021, 12:36