Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Рэлігійныя лідары Эфіопіі просяць дапамогі ў Святога Айца

Рэлігійныя лідары Эфіопіі папрасілі Францішка паспрыяць спыненню ваенных дзеянняў у рэгіёне Тыграй. “Мы верым, што Вы зробіце ўсё магчымае, каб прадухіліць яшчэ адзін генацыд”, - напісала яны.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Як гаворыцца ў звароце, насельніцтва “падвяргаецца неймаверным зверствам з боку эфіопскай арміі і яе ваенных партнёраў”. Падпісанты звярнуліся да Папы з просьбай аб жэсце падтрымкі, дзякуючы якому “чалавечнасць і святасць кожнага жыцця будуць пастаўлены на першае месца”.

“Мы ўпэўненыя, што ў малітвах Вы возьмеце пад увагу тое, што адбываецца, і зробіце ўсё магчымае, каб прадухіліць чарговы генацыд, як той, што адбыўся ў Руандзе”, - гаворыцца ў лісце.

Сітуацыя ў краіне сістэматычна пагаршаецца, сутычкі і пагромы адбываюцца далёка за межамі Тыграя. Паліцыя праводзіць групавыя арышты. У пачатку снежня былі арыштаваныя шэсць законніц і два дыяканы.

Ліст быў распаўсюджаны ў рэгіёне і накіраваны Асацыяцыі Біскупскіх Канферэнцый Усходняй Афрыкі (AMECEA), Апостальскаму нунцыю ў Эфіопіі, Канферэнцыям біскупаў Эфіопіі і ЗША, Дзяржаўнаму сакратару Яго Святасці П'етра Параліну і Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.

Human Rights Watch асудзіла масавыя забойствы дзясяткаў людзей, здзейсненыя сіламі, звязанымі з Народным фронтам вызвалення Тыграй, з канца жніўня па верасень у паўночным рэгіёне Амхара. НДА, якая склала дакументацыю, заклікае як мага хутчэй стварыць орган ААН для правядзення міжнароднага расследавання ваенных злачынстваў. Дырэктар па пытаннях крызісаў і канфліктаў Лама Факіх заявіў, што “такія забойствы і многія іншыя зверствы, учыненыя абодвума бакамі канфлікту, падкрэсліваюць неабходнасць незалежнага і міжнароднага расследавання”.

Падчас малітвы Анёл Панскі ў нядзелю, 7 лістапада 2021 года, Францішак прызнаўся, што з заклапочанасцю сочыць за навінамі з рэгіёна Афрыканскага Рогу, асабліва з Эфіопіі, дзе ўжо больш за год працягваецца канфлікт, які прывёў да шматлікіх ахвяр і сур'ёзнага гуманітарнага крызісу. “Запрашаю ўсіх маліцца за гэты народ, які спазнаў настолькі вялікія цяжкасці, і аднаўляю свой заклік да гармоніі і мірнага шляху дыялогу”, - сказаў ён.
 

14 снежня 2021, 11:59