Пошук

Vatican News
На месцы аўтобуснай аварыі ў Балгарыі На месцы аўтобуснай аварыі ў Балгарыі  (AFP or licensors)

Святы Айцец моліцца за ахвяр аўтобуснай аварыі ў Балгарыі

Святы Айцец выказаў спачуванні ў сувязі аўтобуснай катастрофай у Балгарыі, у выніку якой загінулі па меншай меры 46 чалавек, у тым ліку 12 дзяцей.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

“Глыбока засмучаны паведамленнем пра гібель і траўміраванне людзей у выніку смяротнай аўтобуснай аварыі ў Балгарыі, папа Францішак выказвае шчырую салідарнасць усім, хто пацярпеў падчас гэтай трагедыі”, - гаворыцца ў тэлеграме, якую кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін даслаў ад імя Святога Айца Прэзідэнту Паўночнай Македоніі Стэва Пендароўскаму.

Узгадваючы асаблівым чынам загінулых дзяцей Пантыфік даверыў душы памерлых міласэрнасці Усявышняга і запэўніў сем’і ахвяр і параненых у сваёй малітве.

Трагедыя адбылася ў ноч з 22 па 23 лістапада 2021 г. Аўтобус з каля 50-цю пасажырамі на борце ехаў з Турцыі ў Паўночную Македонію. На небяспечным участку аўтамагістралі ў 40 км на поўдзень ад Сафіі па невядомых прычынах ён урэзаўся ў агароджу і перакуліўся. Паведамляецца, што ахвяр здарэння было шмат, бо ў аўтобусе выбухнуў пажар. Большасць загінулых – грамадзяне Паўночнай Македоніі, але ёсць таксама грамадзянін Сербіі і грамадзянін Бельгіі.
 

25 лістапада 2021, 09:37