Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад: гвалт над жанчынай – гэта блюзнерства супраць Бога

“Мы не можам стаяць склаўшы рукі перад такой вялікай колькасцю выпадкаў гвалту ў адносінах да жанчын”, - сказаў пастаянны назіральнік Святога Пасаду ў Арганізацыі амерыканскіх дзяржаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Падчас свайго выступлення ў рамках пазачарговай сесіі Пастаяннай рады арганізацыі з нагоды Міжнароднага дня барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын кс. Хуан Антоніа Крус Сэрана заклікаў да сур’ёзнага разважання на гэтую тэму.

Як ён адзначыў, насілле ў адносінах да жанчын і дзяўчат не толькі разбурае і наносіць шкоду іх жыццю, але і ўсяму грамадству, у якім гэта адбываецца. Сексуальны гвалт, які з'яўляецца адной з самых распаўсюджаных форм гвалту супраць жаночай часткі грамадства – гэта следства, у прыватнасці, культуры, элементам якой з’яўляецца аб'ектывацыя ў адносінах да іх. У амерыканскім рэгіёне гандаль людзьмі таксама ў асноўным закранае жанчын і дзяўчат.

На думку прадстаўніка Святога Пасаду, неабходна працягваць дзейнасць у міжнародным кантэксце: “гвалт, які перажываюць жанчыны, – гэта праверка ўзроўню чалавечнасці і цывілізацыйнага развіцця грамадства, народа і кожнага чалавека”.

Ватыканскі дыпламат запэўніў, што Святы Пасад праз свае структуры падтрымлівае ўнікальны і незаменны ўклад жанчын у грамадстве. Ён заклікаў дзяржавы заходняга паўшар'я спрыяць усведамленню ўсімі годнасці жанчын, бароцца з іх аб'ектывацыяй і ліквідаваць беспакаранасць за здзейсненыя акты гвалту. “Любая форма гвалту над жанчынай з’яўляецца блюзнерствам супраць Бога, Які нарадзіўся ад жанчыны”, - сказаў кс. Сэрана, цытуючы папу Францішка.

Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю гвалту ў адносінах да жанчын абвясціў у 1981 г. Першы форум жаночых суполак Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. Дата звязана з памяццю аб забойстве трох сясцёр Мірабал 25 лістапада 1960 г. падчас дыктатуры Рафаэля Трухільё ў Дамініканскай Рэспубліцы. Ініцыятыву падтрымалі таксама ААН і ЕС.
 

24 лістапада 2021, 11:06