Пошук

Vatican News
А. Франчэска Патон А. Франчэска Патон 

Рэха сустрэчы Францішка з Абасам: надзеі на мір у Святой Зямлі

“Трэба навучыцца набліжацца да праўды фактаў, да праўды гісторыі, спакойна, здымаючы акуляры ідэалогіі, з абодвух бакоў”, - лічыць а. Франчэска Патон.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішканскі кустод Святой Зямлі пракаментаваў нядаўнюю сустрэчу Францішка з кіраўніком Палестыны Махмудам Абасам. Падчас яе была падкрэслена неабходнасць дыялогу і пошуку рашэння канфлікту паміж ізраільцянамі і палестынцамі на аснове дзвюх дзяржаў і захавання за Іерусалімам статусу святога горада для трох монатэістычных рэлігіі.

Патон распавёў пра паступовае збліжэнне ізраільцян і палестынцаў, ролю Святога Айца ў дыялогу і надзеях, звязаных з адкрыццём Святой Зямлі для пілігрымаў. Пасля баёў паміж ізраільцянамі і палестынцамі ў маі 2020 г. успыхнулі пратэсты супраць высялення палестынскіх сем'яў з прыгарада Іерусаліма, якія затым перараслі ў авіяўдары і ракетныя ўдары паміж Ізраілем і ХАМАС. Нягледзячы на цяперашнюю спакойную сітуацыю, змены ва ўрадзе Ізраіля і новага прэм'ер-міністра Нафталі Бэнэта, напружанасць па-ранейшаму прысутнічае.

“З аднаго пункту гледжання, усё змянілася пасля сутыкненняў у маі 2020 г. Нягледзячы на тое, што афіцыйнага дыялогу дагэтуль няма, адбылося некалькі больш ці менш сакрэтных перамоў паміж прадстаўнікамі ўрада Ізраіля і прадстаўнікамі Палестынскай аўтаноміі. У рэшце рэшт, я б сказаў, што за апошнія месяцы, верагодна, былі зроблены некаторыя крокі”, - сказаў францішканін.

Кустод Святой Зямлі звярнуў увагу на тое, што “Францішак ставіць моцны акцэнт на важнасці пошуку мірных рашэнняў з дапамогай дыпламатыі, шляхам пошуку згоды”. Ён гаворыць пра гэта на ўзроўні вучэння, напрыклад у энцыкліцы Fratelli tutti, але таксама канкрэтнымі і паўсядзённымі жэстамі. Таму, лічыць а. Патон, Папа будзе працягваць настойваць на дыялогу паміж ізраільскімі і палестынскімі ўладамі. "Мы ўсе спадзяёмся, што дыялог будзе сапраўды разблакіраваны і мы паступова вернемся да дыпламатычнага мыслення”, - сказаў ён у інтэрв’ю Vatican News.

Манах нагадаў, што ў гэтым працэсе важнае прабачэнне. “На шляху прымірэння, паказаным Пантыфікам, трэба ўмець спалучаць праўду са справядлівасцю і прабачэннем, таму відавочна, што аднаго прабачэння недастаткова. У Fratelli tutti Папа кажа: прабачэнне не адмяняе памяці пра падзеі, а для дастаткова аб’ектыўнага гістарычнага абнаўлення патрэбна мужнасць. Спосаб апавядання гісторыі часта мае тэндэнцыю да выключэння іншага, таму мы таксама павінны навучыцца набліжацца да праўды фактаў, да праўды гісторыі, спакойна, здымаючы акуляры ідэалогіі, з абодвух бакоў”, - заўважыў а. Франчэска Патон.
 

08 лістапада 2021, 11:31