Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пілігрымы вяртаюцца ў Святую Зямлю

“Сёння раніцай, пасля шматмесячнага перапынку, я сустрэў першую групу пілігрымаў, якая прыбыла ў Святую Зямлю. Для нас гэта знак надзеі, - сказаў Vatican News Лацінскі Патрыярх Іерусаліма.

Аляксандр Амяльчэня – Vatican News

Пасля таго, як Ізраіль зноў адкрыў свае межы для вакцынаваных турыстаў, арцыбіскуп П’ербатыста Піцабала чакае новага прытоку пілігрымаў. “Мой вопыт паказвае, што пілігрымы, якія прыехалі ў Святую Зямлю, здзейснілі пілігрымку, перажываюць глыбокія змены ў сваім жыцці. У пэўным сэнсе яны прымаюць восьмы сакрамэнт. Таму што сакрамэнты звязваюць нас з асобай Езуса, а гэта і ёсць Святая Зямля. Вы можаце чытаць Евангелле, дзе б вы ні знаходзіліся, але, прыязджаючы сюды, з’яўляецца разуменне, што Бэтлеем, Назарэт і Бэтанія – не нейкія памятныя месцы, а рэальнасць. І гэта дапамагае наблізіцца да асобы Езуса як да канкрэтнай рэчаіснасці”, - адзначыў іерарх.

Лацінскі Патрыярх Іерусаліма падкрэсліў, што вяртання пілігрымаў чакаюць і мясцовыя хрысціяне, якія ў значнай ступені залежаць ад абслугоўвання пілігрымскага руху. Ад гэтай падтрымкі залежыць выжыванне мясцовага Касцёла.

“На жаль, не толькі ў Святой Зямлі, але і на ўсім Блізкім Усходзе палітычная сітуацыя, войны, рэлігійная напружанасць, а таксама пандэмічная беднасць, эканоміка ў перманентным крызісе прывялі да змяншэння колькасці хрысціян. Але з іншага боку, не можна казаць, што мы – супольнасць у стане заняпаду. Мы застаёмся актыўнымі, у першую чаргу ў сферы адукацыі і аховы здароўя. Касцёл стварае працоўныя месцы, бо разумее, што трэба дапамагаць хрысціянскай супольнасці вельмі канкрэтна”, - адзначыў арцыбіскуп Піцабала.
 

03 лістапада 2021, 10:30