Пошук

Vatican News
Францішак з Прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам Францішак з Прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам  (Vatican Media)

Паўднёвая Карэя заклікае Паўночную Карэю прыняць Папу

Паўднёвакарэйскае Міністэрства аб'яднання заклікала Паўночную Карэю станоўча адрэагаваць на пацвярджэнне Пантыфікам волі прыехаць у Пхеньян.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Францішак зрабіў заяву падчас сустрэчы з Прэзідэнтам Паўднёвай Карэі Мун Чжэ Інам 29 кастрычніка 2021 г. у Ватыкане.

Пасля пацвярджэння Папам волі наведаць Паўночную Карэю, мы хацелі б, каб Поўнач адказала і адкрыла шлях да трывалага міру на Карэйскім паўвостраве, - заявіла прэс-сакратар Міністэрства Лі Чэн Джу

Падчас аўдыенцыі ў Ватыкане лідар Паўднёвай Карэі выказаў надзею, што неўзабаве сустрэнецца з Святым Айцом на Карэйскім паўвостраве. Ён падарыў Папу крыж з калючага дроту з агароджы дэмілітарызаванай зоны, якая падзяляе дзве дзяржавы.

Сустрэча Францішка з Мун Чжэ Інам была іх другой асабістай размовай. Першая прайшла ў кастрычніку 2018 г. таксама ў Ватыкане. Тады Прэзідэнт перадаў Пантыфіку вуснае запрашэнне паўночнакарэйскага лідара Кім Чэн Іна. Францішак адказаў, што ахвотна паедзе ў Паўночную Карэю, калі атрымае афіцыйнае запрашэнне.

У ліпені 2021 г. старшыня Нацыянальнай асамблеі Паўднёвай Карэі Пак Пён Сог наведаў Ватыкан і сустрэўся з Дзяржсакратаром Яго Святасці, кард. П'етра Паралінам, які сказаў: “Святы Пасад прыкладае намаганні для падтрымання канала дыялогу з Паўночнай Карэяй. Чакаем запрашэння з Пхеньяна”.

Па словах Пён Сога, калі Папа прыме меры па інтэграцыі Паўночнай Карэі ў міжнародную супольнасць, гэта акажа вялікую дапамогу ва ўсталяванні міру на Карэйскім паўвостраве. “Спадзяюся, што Дзяржаўны сакратар, кард. Паралін адыграе значную ролю ў падтрымцы мірнай палітыкі на карысць Карэйскага паўвострава, які застаецца падзеленым больш за 70 гадоў”, - сказаў спікер паўночнакарэйскага парламента.
 

04 лістапада 2021, 09:53