Пошук

Vatican News
Падчас беатыфікацыі ў Катавіцах кс. Яна Махі Падчас беатыфікацыі ў Катавіцах кс. Яна Махі 

Пантыфік пра важныя касцёльныя і міжнародныя падзеі

Папа звярнуў увагу на важнасць Сусветнага дня моладзі, нагадаў пра беатыфікацыю ў Катавіцах кс. Яна Махі, заклікаў да годных умоў працы рыбакоў і да большага кантролю над гандлем зброяй.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Словы Францішка прагучалі 21 лістапада 2021 г. пасля малітвы Анёл Панскі. “Учора ў Катавіцах быў беатыфікаваны кс. Ян Францішак Маха, забіты з нянавісці да веры ў 1942 г., падчас пераследу Касцёла з боку нацысцкага рэжыму. У цемры турмы ён знайшоў у Богу сілу і лагоднасць да прыняцця пакут. Няхай яго мучаніцкая смерць будзе плённым зернем надзеі і міру”, - сказаў Святы Айцец.

У дыяцэзіяльны Сусветны дзень моладзі Папа пажадаў, “каб усе маладыя людзі ў свеце адчулі сябе жывой часткай Касцёла, актыўнымі ўдзельнікамі яго місіі”. Ва ўрачыстасць Хрыста Валадара ён заклікаў “не забывацца, што валадарыць – значыць служыць”.

“Сёння таксама адзначаецца Сусветны дзень рыбалоўства. Вітаю ўсіх рыбакоў і малюся за тых, хто жыве ў цяжкіх умовах, а часам, на жаль, на прымусовай працы. Я заахвочваю капеланаў і валанцёраў Stella Maris працягваць сваё душпастырскае служэнне на карысць гэтых людзей і іх сем’яў”, - звярнуўся Францішак.

Пантыфік згадаў яшчэ адзін Сусветны дзень – памяці ахвяр дарожна-транспартных здарэнняў. “Будзем маліцца за іх і прыкладзём намаганні па прадухіленні аварый”, - заклікаў ён.

Перад тым, як прывітаць вернікаў, сабраных на плошчы св. Пятра, Францішак звярнуўся са словамі падтрымкі для ініцыятыў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый па дасягненні большага кантролю над гандлем зброяй.
 

21 лістапада 2021, 13:44