Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Пантыфік: братэрства – спосаб будавання гісторыі

“Наш свет ведае, як памнажаць сувязі, але менавіта цяпер нам складана слухаць і разумець адзін аднаго”, - заўважыў Святы Айцец, падкрэсліваючы важнасць дыялогу і супрацоўніцтва.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Папа скіраваў пасланне да ўдзельнікаў канферэнцыі аб культуры сустрэчы, арганізаванай двума езуіцкімі структурамі: Джорджтаўнскім універсітэтам (ЗША) і італьянскім каталіцкім часопісам La Civiltà Cattolica. Форум на тэму: “Культура сустрэчы: будучыня міжкультурнага і міжрэлігійнага дыялогу” пройдзе 8-9 лістапада 2021 г. у Рыме.

Францішак нагадаў, што ўніверсітэт быў заснаваны ў 1789 г., а часопіс – у 1850 г. “Сёння гэтыя дзве ўстановы аб’ядналіся, каб паразважаць пра будучыню нашага чалавецтва”, - заўважыў Папа, выказваючы радасць тым фактам, што форум пройдзе ў супрацоўніцтве з Кангрэгацыяй евангелізацыі народаў і Папскай радай па міжрэлігійным дыялогу.

Пантыфік адзначыў, што тэма канферэнцыі мае ключавое значэнне для сучаснага свету, і заклікаў яе арганізатараў “працягваць дапамагаць многім людзям станавіцца настаўнікамі і будаўнікамі культуры, якая спрыяе ўзаемнаму разуменню”.

“Наш свет ведае, як памнажаць сувязі, але менавіта цяпер нам складана слухаць і разумець адзін аднаго. Дыялог – гэта сапраўдны выраз чалавечнасці, гэта шлях, які заслугоўвае на тое, каб з цярплівасцю паўстаць на яго, каб ператварыць саперніцтва ў супрацоўніцтва. Мы павінны прысвяціць усе нашы сілы выхаванню паважлівай адкрытасці на іншых з прызнаннем фундаментальных правоў і свабодаў. Гэта шлях супольнага будавання будучыні”, - напісаў Францішак, нагадваючы, што братэрства, “зразуметае ў яго самым глыбокім сэнсе – гэта спосаб будавання гісторыі”.
 

05 лістапада 2021, 09:15