Пошук

Vatican News
Ватыканскі павільён на EXPO 2020 Ватыканскі павільён на EXPO 2020  

EXPO 2020: ватыканскі павільён пра адзінства і дыялог

У рамках сусветнай выставы EXPO 2020 у Дубаі Святы Пасад падрыхтаваў павільён, прысвечаны адзінству канфесій і культур.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Ідэі прыгажосці, братэрства і дыялогу могуць стаць мостам у пабудове адносін паміж нацыямі, культурамі і рэлігіямі”, - сказаў кс. Томаш Трафны з Папскай рады па культуры, які выконвае абавязкі намесніка камісара павільёна.

Адпраўным пунктам выставы з’яўляецца сустрэча св. Францішка з егіпецкім султанам Малікам Аль-Камілам у Даміеце ў 1219 г. і сустрэча папы Францішка з Вялікім Імамам Каірскага ўніверсітэта Аль-Азхар Ахмедам Аль-Таебам у Абу-Дабі два гады таму.

У павільёне можна ўбачыць арыгіналы манускрыптаў з Ватыканскай апостальскай бібліятэкі, што выклікае вялікую цікавасць у арабскіх наведвальнікаў. “Рукапісы падабраныя так, каб паказаць, як культуры ўплывалі адна на адну”, - заўважыў кіраўнік Аддзела навукі і веры Папскай рады па культуры. Паводле яго, ватыканскі павільён карыстаецца вялікай папулярнасцю.

У ім таксама прадстаўлены дасягненні ісламскай культуры ІХ-ХІІІ стагоддзяў, яе ўклад у пераклад прац па матэматыцы, астраноміі, медыцыне, філасофіі і паэзіі. Мусульмане перакладалі ўсё, што было даступна іх культурнаму колу. У той жа час тут паказана, як вялікія веды ў галіне матэматыкі, дзякуючы працам Фібаначы, паўплывалі на заходні свет з увядзеннем індаарабскай сістэмы лічэння, што ўвянчалася рэформай Грыгарыянскага календара, якая ў сваю чаргу паўплывала на ўвесь свет.

“Гэта яскрава паказвае, наколькі культуры могуць прынесці карысць адна адной”, - заўважыў кс. Трафны. “Усе мастацкія і сімвалічныя элементы закліканы паглыбіць і падкрэсліць ідэю братэрства, дыялогу, сустрэчы, ідэю прыгажосці, якія нас аб’ядноўваюць і якія могуць стаць мостам у пабудове адносін паміж нацыямі, культурамі і рэлігіямі”, - патлумачыў ён.

У 2022 г. з выставай будуць звязаныя дзве падзеі. 4 лютага, у гадавіну падпісання Дакумента аб усеагульным братэрстве, павільён стане месцам сустрэчы прадстаўнікоў рэлігій у рамках міжрэлігійнага дыялогу. 19 сакавіка тут адзначаць Дзень Святога Пасаду, важны з пункту гледжання адносін з Аб’яднанымі Арабскімі Эміратамі.
 

23 лістапада 2021, 12:54