Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Эксперт: інтэгральная экалогія – ключавая для будучыні планеты

Інтэгральная экалогія, прапанаваная Папам у яго энцыкліцы Laudato si’, з’яўляецца ключавым паняццем для будучыні планеты, лічыць Антанэла Пасіні, эксперт у галіне фізікі атмасферы з універсітэта Roma Tre.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Ён падкрэсліў, што пераадоленне складанага крызісу, у якім зараз апынулася чалавецтва, патрабуе прызнання і ўліку ўзаемасувязі паміж станам навакольнага асяроддзя, здароўем чалавека і эканомікай.

У пасланні да ўдзельнікаў кліматычнага саміту COP26, якое прагучала на хвалях радыё BBC, Францішак заклікаў да рашучай змены курсу дзеля агульнага дабра, пераходу ад культуры адчужэння і непрыняцця да культуры клопату. На думку Святога Айца, неабходна змяніць ракурс – паставіць у цэнтр чалавечую годнасць. Канцэпцыя Папы, на думку Пасіні, надзвычай сучасная. "Мы не можам страціць магчымасцей, якія дае COP26. Для іх рэалізацыі неабходна распрацаваць механізмы", - падкрэсліў ён.

“Канцэпцыя інтэгральнай экалогіі Францішка дазваляе зразумець, што чалавек звязаны з прыродай, з кліматычнай сістэмай, з эканомікай. Таму неабходна пераасэнсаваць нашы адносіны з навакольным асяроддзем, пачынаючы з зразумення таго, што дагэтуль мы дзейнічалі занадта драпежна, успрымаючы прыроду як нешта, што можна свабодна выкарыстоўваць і фарміраваць, мы былі пагружаныя ў антрапацэнтрызм. Замест гэтага трэба перайсці да канцэпцыі, дзе чалавек цесна звязаны з прыродай, а яго здароўе з'яўляецца сінонімам яе здароўя", - адзначыў італьянскі эксперт.

На практыцы, падкрэсліў ён, гэта азначае адмову ад выкапнёвага паліва і выкарыстанне аднаўляльных крыніц энергіі. "Еўропа, як і ЗША, паціху пераконваецца ў гэтымі. Буйны бізнес надае гэтым пытанням усё больш і больш увагі. Мэта – тэзісы, прапанаваныя ў Парыжскім пагадненні. У ім напісана, што калі мы хочам пазбегнуць самых сур'ёзных кліматычных праблем, трэба зрабіць так, каб другая палова стагоддзя была нейтральнай да вугляроду. Калі мы нічога не зробім, сутыкнёмся з кліматычнай катастрофай. І гэта не толькі экалагічная катастрофа. Змяненне клімату таксама правакуе пашырэнне няроўнасць, якая і так ужо існуе паміж развітымі і беднымі краінамі, што надзвычай шкодна з пункту гледжання міжнароднай стабільнасці”, - падкрэсліў прафесар Пасіні ў інтэрв’ю для Vatican News.
 

02 лістапада 2021, 10:22