Пошук

Кард. Леанарда Сандры з сірыйскай моладдзю Кард. Леанарда Сандры з сірыйскай моладдзю 

Францішак накіруе 170 тыс. долараў для бедных у Сірыі

Падчас сустрэчы з сірыйскімі біскупамі ў Дамаску кард. Леанарда Сандры паведаміў, што Францішак перадасць для самых патрабуючых у гэтай краіне матэрыяльную дапамогу ў памеры 170 тыс. долараў.

Ян Глінскі - Vatican News

Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў з 25 кастрычніка 2021 г. знаходзіцца з візітам у Сірыі.

Як паінфармаваў Апостальскі нунцый у краіне, кард. Марыё Дзэнары, атрыманыя ад Пантыфіка сродкі будуць размеркаваны паміж 17 сірыйскімі касцёльнымі акругамі.

Кард. Сандры таксама анансаваў спецыяльную канферэнцыю, што будзе арганізавана ў 2022 г. дыкастэрыяй, якой ён кіруе, з мэтай стварэння дабрачынных праектаў на карысць сірыйскага грамадства.

Падчас візіту ватыканскі іерарх, між іншым, узняў тэму сінадальнасці і нагадаў, што Цэрквы ўсходняга абраду таксама запрошаны да ўдзелу ў Сінодзе: “Святы Айцец хоча, каб увесь Касцёл разам ішоў шляхам, якім кіруе Дух Святы, да распазнання, ачышчэння і аднаўлення”.

Падчас сустрэчы з кардыналам сірыйская моладзь падзялілася сваім болем і запрасіла Папу наведаць Сірыю, што было б для іх знакам новай надзеі. Іерарх заклікаў маладых людзей да актыўнага ўдзелу ў сінадальным працэсе і запэўніў, што Пантыфіку блізкія праблемы краіны і, калі з’явіцца магчымасць, ён з радасцю разгледзіць запрашэнне.

Візіт кардынала Сандры ў Сірыю працягнецца да 3 лістапада. Пасля Дамаска іерарх накіруецца ў Тартус і Хомс, Алепа, Ябруд і Маалулу.
 

29 кастрычніка 2021, 11:37