Пошук

Vatican News
Жан-Пьер Рафарэн падчас выступлення перад Францішкам Жан-Пьер Рафарэн падчас выступлення перад Францішкам  (Vatican Media)

Рафарэн: Францішак мае моцны стратэгічны ўплыў

Палітычныя лідары прыслухоўваюцца да Папы, бо сучасная палітыка характарызуецца адсутнасцю рэфлексіі, - лічыць старшыня Fondation Leaders pour la Paix Жан-Пьер Рафарэн.

Ян Глінскі - Vatican News

Фонд, якім кіруе былы прэм’ер-міністр Францыі, – гэта аналітычны цэнтр, у структуру якога ўваходзяць каля 40 асоб. У мінулым, гэта палітыкі на высокіх дзяржаўных і міжнародных пасадах, прадстаўнікі розных краін, культур і рэлігій.

“Францішак дае нам тэмы для разважання”, - заўважыў Рафарэн пасля ватыканскай сустрэчы. Папа прыняў прадстаўнікоў Фонду 4 верасня 2021 г. у Ватыкане. Ён нагадаў аб неабходнасці "архітэктуры" міру, у якую залучаны ўсе. "Ваша прыхільнасць міру ніколі не была такой неабходнай і тэрміновай" як у цяперашні "асабліва крытычны" гістарычны момант, адзначаны пандэміяй, крызісамі і шматлікімі праблемамі, сярод якіх голад, ядзерная зброя, экалогія, - звярнуў увагу Пантыфік.

“Калі было абвешчана пра візіт у Ватыкан, усе хацелі ў ім удзельнічаць і сустрэцца з Пантыфікам”, - падкрэсліў французскі палітычны дзеяч, дадаўшы, што ў сучасным свеце Францішак з’яўляецца чалавекам, які мае моцны стратэгічны ўплыў.

“Сёння мы перажываем дэфіцыт рэфлексіі. А бяздумная палітыка небяспечная. Таму, калі існуе нейкая крыніца, якая спрыяе роздуму, стварае культуру, то трэба да яе ўважліва прыгледзецца. Папа падказвае нам тэмы і адначасова ставіць высокую планку. Канешне, калі Пантыфік кажа пра мігрантаў, а ты кіруеш краінай, няпроста знайсці рашэнне, якое будзе адпавядаць таму, пра што ён кажа. Але гэта тыповая праблема для разважання, якую трэба вырашыць. Часам рэфлексія бывае далёкай ад рэальнасці, але яна неабходная. Яна паказвае нам мэту. Пілігрыму патрэбны дарога і мэта. Цяжка рухацца наперад, калі не ведаеш мэты”, - сцвердзіў былы прэм’ер-міністр Францыі.
 

10 верасня 2021, 12:09