Пошук

Vatican News
Кард. П'етра Паралін на Сустрэчы каталіцкіх палітыкаў у Мадрыдзе Кард. П'етра Паралін на Сустрэчы каталіцкіх палітыкаў у Мадрыдзе 

Дзяржсакратар: настаў момант перагледзець арганізацыю грамадства

Відавочна, што выклікі, звязаныя з пандэміяй, не носяць выключна мясцовага характару, а тычацца ўсяго свету і адносін паміж народамі, - заўважыў кард. П'етра Паралін.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Дзяржсакратар Яго Святасці прыняў удзел у II Міжнароднай сустрэчы палітычна адказных католікаў, якая праходзіла ў Мадрыдзе 3-5 верасня 2021 г. Ён паразважаў на тэму: "Культура сустрэчы і сацыяльнае сяброўства ў свеце ў часы крызісу" .

У сённяшняй сітуацыі, адзначыў госць з Ватыкана, дыпламатычная дзейнасць павінна матываваць мясцовыя ўстановы і нацыянальныя парламенты і ўрады да ўстанаўлення агульных стратэгій і пратаколаў і заключэння міждзяржаўных пагадненняў.

Ва ўмовах тых дзеянняў, якія вызначаюць праекты і меры рэагавання на крызіс, мэтазгодна "падтрымліваць упарадкаванае суіснаванне людзей, каб ніхто не адчуваў сябе пакінутым і забытым", - падкрэсліў кардынал.

Барацьба з беднасцю, пераадоленне пандэміі, стварэнне дынамічных інстытутаў – гэта праблемы, якія трэба вырашаць, бо яны тычацца ўсёй чалавечай сям'і і яе будучыні, - сказаў Дзяржсакратар. Ён адзначыў, што гэта патрабуе ажыццяўлення паўнамоцтваў, "не звязаных з нейкім асабістым, прыватным або нацыянальным бачаннем", а хутчэй "з арганізаванай сістэмай асоб і ідэй”, здольнай гарантаваць рэалізацыю агульнага дабра на глабальным узроўні, выкараненне голаду і галечы, надзейную абарону асноўных правоў чалавека.

Фактычна, менавіта ў гэтай гістарычнай фазе, калі існуюць спробы выкараніць “боль, няўпэўненасць, страх і ўсведамленне ўласных абмежаванняў, выкліканых пандэміяй”, надышоў момант “перагледзець наш лад жыцця, нашы сувязі, арганізацыю нашага грамадства і, перш за ўсё, сэнс нашага існавання”,- заключыў кіраўнік дыпламатыі Святога Пасаду.

Сустрэчу каталіцкіх палітыкаў арганізавалі Мадрыдская архідыяцэзія і Лацінаамерыканская акадэмія каталіцкіх лідараў у супрацоўніцтве з нямецкім Фондам Конрада Адэнаўэра.
 

06 верасня 2021, 12:00