Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у ААН аб занепакоенасці крызісам у Афганістане

Апостальская Сталіца з вялікай увагай і глыбокай заклапочанасцю сочыць за развіццём падзей у Афганістане і заклікае да пошуку рашэння за сталом дыялогу.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Аб гэтым на адмысловым пасяджэнні Савета па правах чалавека ААН у Жэневе заявіў кс. Джон Патцэр з Пастаяннага прадстаўніцтва Святога Пасаду пры гэтай арганізацыі.

Ватыканскі дыпламат заклікаў усе бакі "прызнаваць і абараняць чалавечую годнасць і асноўныя правы кожнага чалавека, у тым ліку права на жыццё, свабоду веравызнання, свабоду перамяшчэння і мірных сходаў". Ён звярнуў увагу на тое, што ў гэты крытычны час надзвычай важна падтрымліваць і гарантаваць бяспеку гуманітарных ініцыятыў у Афганістане ў духу міжнароднай салідарнасці, каб не паставіць пад пагрозу дасягнуты прагрэс, асабліва ў галіне аховы здароўя і адукацыі.

Паводле Святога Пасаду, "інклюзіўны дыялог" з'яўляецца "самым магутным інструментам" у дасягненні міру. Дыпламат таксама звярнуўся да ўсёй міжнароднай супольнасці з заклікам "перайсці ад дэкларацый да ўчынкаў", вітаючы бежанцаў у духу братэрства.
 

26 жніўня 2021, 09:59