Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Шлях св. Кірыла і Мятода стаў Еўрапейскім культурным маршрутам

Саветам Еўропы ўнёс Шлях святых Кірыла і Мятода ў спіс Еўрапейскіх культурных маршрутаў. Ён стаў адным з 45 афіцыйных еўрапейскіх маршрутаў, найбольш вядомы з якіх – Шлях св. Якуба.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

"Апосталы славян з'яўляюцца сімваламі дыялогу і адукацыі, каштоўнасцей, важных для Еўропы", - сказаў Стэфана Дамініёні, кіраўнік Еўрапейскага інстытута культурных маршрутаў.

Эксперт заўважыў, што культ двух святых стаў падмуркам еўрапейскай ідэнтычнасці славянскіх народаў і ўскосна паўплываў на фарміраванне і арганізацыю еўрапейскіх краін ранняга Сярэднявечча. “Яны сталі сімваламі агульначалавечых каштоўнасцей, якія прынесла тады хрысціянства, людзьмі дыялогу паміж рэлігіямі, культурамі і народамі", - дадаў ён.

Працягласць Шляху святых Кірыла і Мятода – 7,5 тыс. км. Ён аб'ядноўвае шэсць краін, дзе заступнікі Еўропы прапаведавалі Евангелле ў IX ст.: Грэцыю, Балгарыю, Венгрыю, Славакію, Чэхію і Славенію.

Ініцыятарамі афіцыйнага прызнання новага культурнага маршруту сталі Інстытут Культурнага Шляху ў Зліне ў Маравіі і славацкая дыяцэзія Нітры, дзе місія абодвух братоў дасягнула свайго піку.

Кірыл і Мятод адправіліся на місію да славян з Салонікаў: у 867 г. у Рыме яны атрымалі ад папы Адрыяна II прызнанне старажытнаславянскай мовы ў якасці літургічнай.

Савет Еўропы займаецца аховай культурных маршрутаў і выдачай спецыяльных сертыфікатаў з 1987 г. Іх сетка з кожным годам становіцца ўсё больш шчыльнай. У цяперашні час сертыфікацыі чакаюць 17 новых. “Яны з'яўляюцца крыніцай мясцовага супрацоўніцтва, прасоўваюць каштоўнасці Савета Еўропы – правы чалавека, павагу да культурнай разнастайнасці, узаемаразуменне і трансмежавы абмен. Гэта каналы міжкультурнага дыялогу, якія паглыбляюць веды пра гісторыю Еўропы і навучаюць агульнай еўрапейскай ідэнтычнасці”, - патлумачыў кіраўнік Еўрапейскага інстытута культурных маршрутаў.
 

31 жніўня 2021, 12:01