Пошук

Vatican News
Чарлі Уотс. Ілюстрацыйнае фота Чарлі Уотс. Ілюстрацыйнае фота 

L’Osservatore Romano: Чарлі Уотс – “іншы твар” Rolling Stones

Чарлі Уотс, які памёр 25 жніўня 2021 г. ва ўзросце 80-ці гадоў, быў “іншым тварам” Rolling Stones, адзначае L’Osservatore Romano у сувязі са смерцю барабаншчыка легендарнага брытанскага гурта.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Падкрэсліваецца, што Уотс заўсёды быў стрыманым і сур’ёзным. Жанаты з 1964 г. на мастачцы Шырлі Эн Шэферд, ён на працягу ўсяго свайго жыцця быў верным мужам і знаходзіўся на адлегласці ў “тысячы светлавых гадоў ад радыкальнай эпатажнасці лідара гурта Міка Джагера” і іншых, не толькі “ролінгаў”.

“Яго аблічча цвёрдага, маўклівага чалавека, які ведае сваю справу і якому лепш не перашкаджаць, было важным кампанентам музыкі і стылю, што ў той час называліся beat: чалавек, які не павінен быў балбатаць, а толькі рабіць. У яго выпадку “рабіць” значыла граць на барабанах, размерана і стрымана настолькі, што ў многіх узнікала пытанне: як у такім “ударным”– ва ўсіх сэнсах гэтага слова – гурце як Rolling Stones мог быць настолькі спакойны і зусім не эпатажны барабаншчык”, - заўважыў на старонках ватыканскай газеты Марка Тэсці.

На думку журналіста, адказ тут вельмі просты: без яго рытму і размеранасці, не было б надзейнай асновы для імправізацый, асабліва калі ўзнікалі праблемы з правадамі і гукавым абсталяваннем падчас канцэртаў. Чарлі Уотс і бас-гітарыст Біл Уаймэн сталі такой асновай для Міка Джагера, якія бавіўся па сцэне, і Кіта Рычардса, які ладзіў тэатралізаваныя шоў са сваёй гітарай.

“Ён з’яўляецца сімвалам тых супярэчлівых і багатых творчасцю гадоў, менавіта таму, што прадстаўляў “іншае аблічча” музыкі, якая змяніла свет. Музыкант, які заўсёды пазбягаў “сірэн” лёгкага сексу, быцця навідавоку любым коштам, каб заставацца спадарожнікам і бацькам на працягу ўсяго жыцця. Ён сімвал, хоць і ішоў супраць плыні”, - заключыў на старонках L’Osservatore Romano Марка Тэсці.
 

26 жніўня 2021, 12:18