Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Катастрафічна змяншаецца колькасць хрысціян у Сірыі

Дзве траціны хрысціянскага насельніцтва пакінула Сірыю. Мяркуецца, што ў цяперашні час паслядоўнікі Хрыста складаюць 3% жыхароў гэтай краіны. Да пачатку вайны вясной 2011 г. яны складалі 10%.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Статыстычныя дадзеныя, прадстаўленыя Асірыйскай дэмакратычнай арганізацыяй (L’Assyrian Democratic Organization), звязанай з аўтаномнай курдскай адміністрацыяй у паўночна-заходняй частцы Сірыі, апублікавала італьянскае каталіцкае выданне Avvenire.

У рэгіёне Джазіра, дзе пераважна пражываюць курды, колькасць хрысціян скарацілася са 150 тыс. да 55 тыс. чалавек. Значны спад таксама бачны ў частцы Сірыі, падкантрольнай ураду, дзе эканамічныя праблемы, адсутнасць сродкаў для існавання, агульнае збядненне, выкліканае эканамічнымі санкцыямі і пандэмія паспрыялі масаваму зыходу насельніцтва. Гэта тычыцца ў першую чаргу маладых людзей, у тым ліку хрысціян, якія ў вялікай колькасці з’ехалі ў краіны ЕС і Канаду.

Цяжкасці хрысціянскага насельніцтва, асабліва маладога ўзросту, напрыканцы чэрвеня ў своеасаблівым “Лісце да сяброў” апісаў 50-гадовы сірыйскі францішканін, а. Ібрагім Альсабаг, пастыр каталіцкай парафіі ў Алепа. Ён звярнуў увагу на неабходнасць аказання душпастырскай дапамогі маладым людзям, а таксама парам, якія жадаюць заключыць сужэнства, што, на яго думку, у цяперашні час становіцца “амаль гераічным актам веры”. Святар звярнуў увагу на паступовае пагаршэнне сітуацыі ў Сірыі, што стварае вельмі цяжкія ўмовы для жыцця.

Апостальскі нунцый у Сірыі, кардынал Марыё Дзэнары, у інтэрв’ю Vatican News падкрэсліваў, што эканамічныя санкцыі, накладзеныя на Сірыю, прывялі да таго, што асноўная маса насельніцтва краіны апынулася ў стане крайняй беднасці. Па словах дыпламата, “бомбы ў большасці раёнаў ужо не падаюць, але выбухнула страшная бомба беднасці, якая ўдарыла як мінімум па 90 працэнтах грамадства”.
 

20 жніўня 2021, 10:17