Пошук

Наступствы выбуху ў Бейруце. Ілюстрацыйнае фота Наступствы выбуху ў Бейруце. Ілюстрацыйнае фота 

Францішак заклікаў дапамагчы насельніцтву Лівана

Святы Айцец скіраваў зварот да міжнароднай супольнасці, заклікаючы дапамагчы насельніцтву Лівана ў пераадоленні наступстваў крызіса, справакаванага мінулагоднім выбухам у Бейруце.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Выбух, які адбыўся год таму ў сталіцы Лівана, стаў прычынай гібелі многіх людзей і шматлікіх разбурэнняў, нагадаў Папа на заканчэнне агульнай аўдыенцыі, якая 4 жніўня 2021 г. прайшла ў Ватыкане.

Святы Айцец заўважыў, што 1 ліпеня праходзіў Дзень малітвы і рэфлексіі ў інтэнцыі Лівана, падчас якога ён разам з рэлігійнымі лідарамі гэтай блізкаўсходняй краіны прасіў Бога аб святле надзеі, неабходным для пераадолення крызісу. Папа звярнуў увагу таксама на стомленасць і расчараванне ліванскага народа.

“Сёння я скіроўваю заклік таксама да міжнароднай супольнасці, просячы праз канкрэтныя жэсты дапамагчы Лівану паўстаць на шлях “уваскрасення”. Праз канкрэтныя жэсты, а не толькі на словах. Маю надзею, што плённай у гэтым сэнсе стане Канферэнцыя, якая адбываецца па ініцыятыве Францыі і ААН”, - сказаў Папа.

На завяршэнне звароту Пантыфік запэўніў ліванцаў у сваім жаданні наведаць іх краіну, а таксама ў малітве за тое, каб Ліван зноў стаў “пасланнем братэрства і міру для ўсяго Блізкага Усходу”.
 

04 жніўня 2021, 12:09