Пошук

Vatican News
Афганскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота Афганскія бежанцы. Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Епіскапат Італіі заклікаў Еўропу прымаць бежанцаў з Афганістана

Італьянскі епіскапат заклікаў еўрапейскіх лідараў да ўдзелу ў стварэнні паветраных мастоў і гуманітарных калідораў для ратавання афганцаў.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

“Часу мала. Будучыня Афганістана выглядае змрочнай. Грамадзянская вайна ў гэтай краіне будзе доўжыцца доўга і прынясе шматлікія ахвяры”, - мяркуе Цімаці Кіган, ветэран місіі ў Афганістане і заснавальнік фонду, які аказвае гуманітарную дапамогу мясцоваму насельніцтву.

Дзякуючы дзеянням Coalition of Hope (COH), 30 чалавек, якім пагражала смерць ад рук талібаў, ужо эвакуіраваны з Кабула. Паводле падлікаў арганізацыі, у талібаў ёсць як мінімум 500 закладнікаў, з дапамогай якіх яны могуць шантажаваць амерыканцаў.

Пад асаблівай пагрозай знаходзяцца хрысціянскія місіянеры, раскіданыя па афганскіх вёсках без афіцыйнай падтрымкі ЗША. У небяспецы не толькі місіянеры, але і прадстаўнікі ўсіх рэлігійных меншасцей, прысутных у Афганістане, у асноўным індуісты і пратэстанты. Расследаванне Amnesty International выявіла доказы шматлікіх забойстваў, учыненых талібамі па рэлігійнай ці этнічнай прыкмеце.

Паводле Папскага фонду Дапамога Касцёлу ў патрэбе, хрысціянам у Афганістане пагражае знішчэнне. "Неабходны хуткія дзеянні, каб выратаваць як мага больш людзей з групы рызыкі", - сказаў Vatican News старшыня міграцыйнай камісіі італьянскага епіскапату, арцыбіскуп Джан Карла Перэга.

“Сітуацыя патрабуе, каб усе ранейшыя ўдзельнікі ваеннай місіі сканцэнтравалі свае сілы на гуманітарных дзеяннях. Перш за ўсё, можна дапамагчы, стварыўшы паветраныя масты і гуманітарныя калідоры, каб людзі былі ў бяспецы. Адным з найважнейшых мерапрыемстваў з'яўляецца працяг маніторынгу сітуацыі і аказанне дапамогі ў прыняцці бежанцаў. Іншая справа – стварыць ахоўныя гуманітарныя калідоры для людзей, якія хочуць пакінуць Афганістан, але не могуць зрабіць гэта самастойна. Мы просім Еўропу павялічыць колькасць бежанцаў, якіх яна гатовая прыняць”, - заявіў арцыбіскуп Перэга.
 

25 жніўня 2021, 12:14