Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Святы Пасад перад самітам ААН: аддаць прыярытэт дробным фермерам

Адным з прыярытэтаў глабальнай барацьбы з голадам з'яўляецца падтрымка дробных сельскіх гаспадарстваў, - адна з высноў сустрэчы ў Рыме, якая прайшла напярэдадні восеньскага саміту ААН па харчаванні.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Такую думку падтрымаў і прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Гэта адзіны спосаб павялічыць сусветную вытворчасць прадуктаў харчавання на 50%, каб забяспечыць імі больш за 9 мільярдаў чалавек – такі прырост чакаецца на Зямлі да 2050 г.

Кардынал Пітэр Тарксан падкрэсліў, што для гэтага неабходна наладзіць дыялог паміж навукай і карэннымі народамі, якія падтрымліваюць традыцыйную мадэль сельскай гаспадаркі. З іншага боку, міжнародная дзяржаўная палітыка павінна таксама прызнаць дробных і традыцыйных сельскагаспадарчых вытворцаў ключавымі ўдзельнікамі глабальнай праграмы барацьбы з голадам.

Таксама віцэ-старшыня Міжнароднага фонду развіцця сельскай гаспадаркі (IFAD) паказаў на неабходнасць падтрымкі мясцовых сістэм вытворчасці прадуктаў харчавання. На яго думку, гэты сектар патрабуе большага доступу да фінансавання. Ён павінен быць устойлівым да крызісаў і змен клімату. Гаворка ідзе пра забеспячэнне насеннем, больш устойлівым да прыродных змен, абсталяваннем, якое дапаможа сялянам справіцца з экстрэмальнымі з'явамі надвор'я, і пра выхад на рынкі, - сказаў Дамінік Цылер у інтэрв’ю Vatican News.

“Дробныя фермеры дэманструюць нам, што ўсё можна зрабіць інакш. Яны ведаюць, як павысіць ураджай сваёй зямлі, не шкодзячы ёй, часткова таму, што гэтыя веды перадаваліся ў іх сем'ях на працягу стагоддзяў. І, як правіла, яны працуюць без хімікатаў. Яны ўмеюць вырабляць здаровую ежу натуральным шляхам, не забруджваючы глебу, не ствараючы хімічнага забруджвання”, - заўважыў віцэ-старшыня IFAD.

Ён лічыць, што змены клімату ў значнай ступені з’яўляюцца вынікам спажывання мяса. Вядома, ялавічына адыгрывае асабліва важную ролю, нельга забараняць дробным фермерам і іншым суб'ектам яе вытворчасці, паколькі бялкі таксама ўваходзяць у збалансаванае харчаванне. “Аднак я лічу, што спажыўцы ва ўсім свеце закліканы гарантаваць, што збалансаванае харчаванне будзе не толькі прыносіць карысць іх здароўю, але і адпавядаць глабальнай ахове клімату", - сказаў Дамінік Цылер.
 

29 ліпеня 2021, 12:24