Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйная выява Ілюстрацыйная выява 

Прайшоў першы вэбінар з цыклу Эканоміка Францішка

Ініцыяваныя ў 2020 г. Пантыфікам сустрэчы з цыклу Эканоміка Францішка будуць працягвацца ў фармаце анлайн-вэбінараў.

Ян Глінскі - Vatican News

15 ліпеня 2021 г. стартавала першая з сустрэч, на якой маладыя эканамісты і прадпрымальнікі з усяго свету разважалі над тым, як аднавіць душу эканомікі ў перспектыве інтэгральнай экалогіі. На форуме ўздымалася тэма развіцця сельскагаспадарчай вытворчасці сярод бедных і пытанне забеспячэння ім доступу да электраэнергіі.

Па словах аднаго з арганізатараў цыклу Маўрыцыа Піцалу, на анлайн-дыскусію былі запрошаны прадстаўнікі карэнных народаў Калумбіі і Эквадору, якія штодзень змагаюцца з несправядлівасцю з боку міжнародных канцэрнаў.

Між іншым, уздымалася пытанне, звязанае з пошукам вуглевадародаў і геафізічнымі даследаваннямі, якія распачалі некаторыя нафтавыя фірмы на тэрыторыях карэнных народаў Эквадора, драпежна эксплуатуючы гэтыя раёны. Карэнныя жыхары, у сваю чаргу, хочуць абараніць сваю зямлю, каб захаваць біяразнастайнасць, свае традыцыі і культуру.

Падчас форуму ўказвалася таксама на небяспеку, у якой знаходзяцца карэнныя народы Калумбіі (Амазонская пушча) з прычыны неўраўнаважанага развіцця, якое спрабуюць увесці там вялікія міжнародныя канцэрны.

Сустрэчы з цыклу Эканоміка Францішка з’яўляюцца платформай абмену практычным досведам маладымі людзьмі з усяго свету, якія імкнуцца будаваць справядлівае і братэрскае грамадства. Вэбінары рэалізуюцца ў супрацоўніцтве з Сусветнай харчовай праграмай і Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыяй ААН (ФАО).
 

17 ліпеня 2021, 12:44