Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Заклік Касцёла да саміту ЕС у Брусэлі

Каталіцкі Касцёл заклікаў Еўрапейскі саюз да хуткага старту фінансавай дапамогі на карысць сацыяльна справядлівай, экалагічнай і інклюзіўнай рэканструкцыі пасля пандэміі.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Урады дзяржаў-членаў павінны пераканацца, што сродкі трапляюць да тых, хто знаходзіцца ў патрэбе, - сказаў кс. Мануэль Барыёс Прыета, генеральны сакратар COMECE – Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці. Ён таксама заклікаў прыняць меры па гандлёвай палітыцы, якая палепшыць ход глабальнай кампаніі па вакцынацыі.

Лідары дзяржаў-членаў Еўрапейскага саюза сустракаюцца ў Брусэлі 23 і 24 чэрвеня. На парадку дня: сітуацыя з вакцынацыяй і нацыянальныя планы аднаўлення на агульную суму 672,5 млрд. еўра. Іншыя тэмы датычацца міграцыі і адносін ЕС з Турцыяй і Расіяй.

COMECE настойвае на хуткім зацвярджэнні фінансавых планаў Еўрапейскай камісіяй і Еўрапейскім саветам, каб першыя плацяжы былі зроблены ўжо ў перыяд з ліпеня па верасень. У цэнтры ўвагі павінны быць дзеці, моладзь і студэнты, а таксама адзінокія бацькі і бедныя сем'і. Менавіта яны, а таксама людзі, якія знаходзяцца ў складанай эканамічнай і сацыяльнай сітуацыі, найбольш пацярпелі ад крызісу.

Што тычыцца кампаніі па вакцынацыі, COMECE запрасіла да комплекснага глабальнага падыходу. Ён павінен грунтавацца на адкрыцці сеткі паставак, павелічэнні вытворчасці і размовах аб патэнтавых правах. ЕС павінен пацвердзіць, што ставіць свае прынцыпы вышэй за прыбытак.

У пытанні міграцыі епіскапаты краін ЕС заклікалі паважаць чалавечую годнасць. На іх думку, інстытуты ЕС і дзяржавы-члены павінны ажыццяўляць палітыку, якая "вітае, абараняе, дапамагае і інтэгруе мігрантаў і бежанцаў". А калі гаворка ідзе пра адносіны ЕС з Расіяй і Турцыяй, COMECE заклікала "да новых шляхоў дыялогу" і падтрымкі краін-партнёраў, якія ставяць інтарэсы чалавека на першае месца.

COMECE, заснаваны ў 1980 г., аб'ядноўвае прадстаўнікоў біскупскіх канферэнцый з 27 краін-членаў ЕС. Яе асноўная задача – садзейнічаць і праводзіць дыялог паміж Каталіцкім Касцёлам і інстытутамі ЕС у духу каталіцкага сацыяльнага вучэння.
 

23 чэрвеня 2021, 11:17