Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: маліцца за мір у Буркіна-Фасо, Святой Зямлі і М’янме

На неспакойную сітуацыю ў Буркіна-Фасо, Святой Зямлі і М’янме звярнуў увагу Святы Айцец пасля малітвы Анёл Панскі з вернікамі, якія 6 чэрвеня 2021 г. сабраліся на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Vatican News

Францішак запэўніў у малітве ахвяр нападу, здзейсненага ў ноч з 4 на 5 чэрвеня на вёску Салхан у Буркіна-Фасо, падчас якога тэрарысты забілі па меншай меры 130 мірных жыхароў, сярод якіх дзеці. Папа выказаў сваю блізкасць сваякам людзей, якія пацярпелі падчас тэракту, а таксама ўсяму насельніцтву гэтай афрыканскай краіны, “якая вельмі пакутуе ад пастаянных нападаў”. “Афрыка патрабуе міра і ненасілля”, - дадаў Святы Айцец.

Папа таксама заклікаў далучыцца да штогадовай ініцыятывы міжнароднага руху Каталіцкая акцыя, якая называецца “Хвіліна для міру”. 8 чэрвеня ў 13.00 вызнаўцы ўсіх веравызнанняў запрашаюцца прысвяціць адну хвіліну малітве за мір згодна з уласнай рэлігійнай традыцыяй. “Будзем асаблівым чынам маліцца за Святую Зямлю і М’янму”, - сказаў Пантыфік.
 

07 чэрвеня 2021, 10:23