Пошук

Vatican News
Былая школа-інтэрнат у Камлупсе Былая школа-інтэрнат у Камлупсе  (AFP or licensors)

Францішак: мне балюча сачыць за паведамленнямі з Канады

Папа выказаў спачуванне канадцам, абураным шакавальнай навіной пра страшнае адкрыццё астанкаў 215 дзяцей, навучэнцаў індыйскай школы-інтэрната ў Камлупсе.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

6 чэрвеня 2021 г., падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, Францішак прызнаўся, што яму “балюча сачыць за паведамленнямі з Канады”. “Далучаюся да канадскіх біскупаў і ўсяго Каталіцкага Касцёла ў Канадзе, каб выказаць спачуванне канадскай грамадскасці, абуранай шакавальнай навіной. Гэта сумнае адкрыццё павышае наша ўсведамленне болю і пакут мінулых часоў. Палітычныя і рэлігійныя ўлады Канады будуць працягваць рашучае супрацоўніцтва, каб праліць святло на гэтую сумную падзею і пакорліва ўзяць на сябе шлях прымірэння і вылячэння”, - сказаў Святы Айцец.

На яго думку, такія падзеі “заклікаюць усіх адмовіцца ад каланізацыйнай мадэлі – таксама ад сённяшняй ідэалагічнай каланізацыі – і ісці поруч у дыялогу, узаемнай павазе і прызнанні правоў і культурных каштоўнасцей усіх дачок і сыноў Канады.

“Мы давяраем Пану душы ўсіх дзяцей, якія загінулі ў канадскіх школах-інтэрнатах, і молімся за засмучаныя канадскія сем'і і карэнныя супольнасці” - сказаў Папа.

Парэшткі 215 дзяцей, некаторым з якіх было па тры гады, выявілі ў канадскім горадзе Камлупс на месцы былой школы-інтэрната, прызначанай для асіміляцыі дзяцей з карэнных народаў Канады. Установа адкрылася ў 1890 г. пад кіраваннем Касцёла. У 1969 г. упраўленне перайшло да свецкіх уладаў. У 1978 г. інтэрнат канчаткова зачыніўся.

06 чэрвеня 2021, 12:56