Пошук

Кардынал Пітэр Тарксан Кардынал Пітэр Тарксан 

Святы Пасад просіць ануляваць даўгі афрыканскіх краін

Святы Пасад падтрымлівае ініцыятыву па ануляванні даўгоў афрыканскіх краін, - заявіў кардынал Пітэр Тарксан падчас вэбінара, арганізаванага Дыкастэрыяй па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

Іерарх падкрэсліў, што кампанія павінна праходзіць на двух узроўнях. З аднаго боку, трэба наладзіць дыялог з фінансавымі інстытутамі і ўрадамі, а з іншага боку, павінна быць створана адпаведная сістэма кантролю, якая забяспечыць размеркаванне вызваленых фінансавых рэсурсаў на развіццё, ахову здароўя і адукацыю.

Запазычанасць з'яўляецца цяжкім цяжарам для ўсіх бедных краін, не толькі ў Афрыцы. Улічваючы пандэмію, краіны "дваццаткі" вырашылі падоўжыць мараторый на выплату пазыковых працэнтаў да канца гэтага года. Гаворка ідзе пра суму амаль 6 мільярдаў долараў.

Як падкрэсліў Рыкарда Мора, эксперт па стратэгіі развіцця, ініцыятыва правільная, таму што бедным краінам няма з чаго выплачваць даўгі падчас пандэміі. "Прыпыненне выплат працэнтаў можа дапамагчы дзяржавам, якія апынуліся ў цяжкай сітуацыі, але гэта кароткатэрміновае рашэнне, таму што некаторым з тых, каму 20 гадоў таму з нагоды Юбілею 2000 года ўдалося паспяхова выбрацца з запазычанасці, у 2008 г. зноў давялося ўлезці ў даўгі, таму што крызіс паставіў у складаную сітуацыю ўсю сусветную эканоміку”, - адзначыў ён у інтэрв’ю Vatiсan News.

Італьянскі спецыяліст звярнуў увагу на нядобрасумленнасць некаторых прыватных структур і безадказнасць некаторых краін у крэдытаванні іншых. У выніку шмат дзяржаў з менш спрыяльнымі эканамічнымі ўмовамі зноў апынуліся ў даўгах. Пандэмія стварыла для іх дадатковыя складанасці, бо ўзнікла неабходнасць фінансавай падтрымкі сферы аховы здароўя, сем'яў без даходу, інвестыцый у стымуляванне эканомікі. І бедныя краіны мусяць ізноў запазычыцца. Усім зразумела, што яны доўгі час не змогуць пагашаць свае даўгі. Разумення, аднак, недастаткова. Іх трэба вызваліць ад цяжару і даць магчымасць развіцця, - падкрэсліў Рыкарда Мора.
 

11 красавіка 2021, 13:22