Пошук

Vatican News
Папа падчас аўдыенцыі для Філіпа Грандзі Папа падчас аўдыенцыі для Філіпа Грандзі  (ANSA)

Папа сустрэўся з Вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў

Міграцыя, войны, голад, беднасць, пандэмія сталі тэмамі сустрэчы Францішка з Вярхоўным камісарам ААН па справах бежанцаў Філіпа Грандзі. Аўдыенцыя праходзіла 16 красавіка 2021 г. у Апостальскім палацы.

Пасля візіту ў Ватыкан Грандзі заўважыў, што падчас сустрэчы з Папам ішло абмеркаванне складанага міжнароднага кантэксту, у якім многія, сярод якіх бежанцы і абяздоленыя, застаюцца асабліва неабароненымі, у тым ліку ў выніку эканамічных наступстваў пандэміі.

На аўдыенцыі ўзгадваўся таксама неспрыяльны палітычны кантэкст. Праблема прыняцця мігрантаў і бежанцаў стала моцна палітызаванай. Застаючыся гуманітарным выклікам, яна ператварылася ў тэму палітычных дэбатаў, - патлумачыў прадстаўнік ААН.

Абмяркоўвалася і сітуацыя ў Цэнтральнай і Паўднёвай Амерыцы, з увагай да міграцыі з Венесуэлы, і крызіс у Ліване. Гаворка ішла пра важнасць хуткага ўвядзення ў Еўропе агульнага інструмента для прыняцця, ідэнтыфікацыі і інтэграцыі мігрантаў. “Я павінен сказаць, што мы маем цалкам ідэнтычны са Святым Айцом погляд на гэтыя праблемы”, - заўважыў Філіпа Грандзі ў каментары для Vatican News.

Вярхоўны камісар ААН падкрэсліў, што свет застаецца глухім і абыякавым да праблем бежанцаў, асабліва па прычыне пандэміі. Адначасова існуюць тыя, хто “вельмі шмат крычыць, выкарыстоўваючы пакуты гэтых людзей для прыцягнення галасоў, перамогі на выбарах, гарантавання сабе большай улады”.

“Гэта тое, што нас хвалюе і чаму мы павінны супрацьпаставіць пасланне папы Францішка: пасланне салідарнасці, чалавечнасці, пасланне братэрства, якое ён няспынна імкнецца распаўсюджваць ва ўсіх краінах свету”, - дадаў прадстаўнік ААН.

Філіпа Грандзі нагадаў, што Вярхоўны камісарыят ААН па справах бежанцаў быў заснаваны ў 1950 г., а яго мандат быў разлічаны ўсяго на тры гады. Ужо мінула больш за 70 гадоў, але, на жаль, дзейнасць гэтай міжнароднай структуры застаецца ўсцяж актуальнай. За ўклад у вырашэнне праблем бежанцаў Вярхоўны камісарыят двойчы атрымліваў Нобелеўскую прэмію міру: у 1954 і 1981 гг.
 

17 красавіка 2021, 10:46