Пошук

Vatican News
Горад Алепа ў Сірыі. Ілюстрацыйнае фота Горад Алепа ў Сірыі. Ілюстрацыйнае фота  (© WFP/Hussam Al Saleh)

Арцыбіскуп Галахер: дапамагчы адбудаваць Сірыю – наш абавязак

Пасля дэкады вайны Сірыя мае патрэбу ў працяглай дапамозе для рэальнай адбудовы. Без гэтага няма шансаў на вяртанне міру, - адзначыў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер падчас анлайн-канферэнцыі, арганізаванай ЕС і ААН.

Сакратар па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі падкрэсліў, што краіна мае патрэбу ў бачных знаках надзеі і канкрэтнай салідарнасці, што з’яўляецца адзіным проціяддзем на гады пакут і адчаю. Ён заўважыў, што ўзняцце Сірыі з руін з’яўляецца абавязкам, які ляжыць на міжнароднай супольнасці.

“Неабходны хуткія і дзейсныя рашэнні, якія дапамогуць адбудаваць зруйнаваную гаспадарку. Мы павінны даць гэтым людзям тое, у чым яны цяпер маюць самую сур’ёзную патрэбу – вяртанне да нармальнага жыцця”, - заклікаў прадстаўнік дыпламатыі Святога Пасаду.

Арцыбіскуп Галахер нагадаў, што ад пачатку канфлікту Касцёл аказвае канкрэтную дапамогу сірыйцам. Звыш 2 мільёнаў долараў пайшло на падтрымку 4,5 мільёнаў жыхароў краіны. Сёння звыш 80 каталіцкіх арганізацый падтрымліваюць сірыйскіх бежанцаў, якія знайшлі прытулак у суседніх краінах.

Ватыканскі іерарх заклікаў міжнародную супольнасць вылучыць сродкі на адбудову школ, бальніц, працоўных месцаў і дамоў. Арцыбіскуп падкрэсліў, што без аднаўлення зруйнаванай гаспадаркі ў Сірыю ніколі не вернецца мір, і толькі канкрэтная салідарнасць можа нанова распаліць надзею ў сэрцах сірыйцаў.

“Мы не можам забыць пра гэтую краіну. Дапамога з’яўляецца нашым абавязкам”, - сцвердзіў ватыканскі іерарх падчас канферэнцыі, прысвечанай будучыні блізкаўсходняй краіны.
 

02 красавіка 2021, 12:53