Пошук

Vatican News
Прага. Ілюстрацыйнае фота Прага. Ілюстрацыйнае фота 

Перапіс насельніцтва ў Чэхіі: заявіць аб сваёй веры

Біскупы Чэхіі звярнуліся да вернікаў з просьбай заявіць аб сваёй веры падчас перапісу насельніцтва, які пачнецца ў краіне 27 сакавіка 2021 г. Адказ на пытанне аб рэлігійнай прыналежнасці будзе добраахвотным.

Епіскапат падкрэслівае, што з каталіцкага пункту гледжання прыналежнасць да Касцёла з'яўляецца следствам хросту. Католік – гэта той, хто быў ахрышчаны ў Каталіцкім Касцёле, і гэты факт быў зафіксаваны ў касцёльным справаводстве.

Канферэнцыя Біскупаў у 2020 г. апублікавала статыстычныя дадзеныя, пацверджаныя групай спецыялістаў у гэтай галіне, якія паказваюць, што ў цяперашні час ахрышчаных у Каталіцкім Касцёле 4 591 000 чалавек – 43% насельніцтва.

У звароце нагадваецца, што дзесяць гадоў таму падчас перапісу насельніцтва толькі палова рэспандэнтаў адказала на пытанне аб веры – 1 082 000 чалавек заявілі, што яны з’яўляюцца католікамі. Адзначаецца, што даныя перапісу часта паведамляюцца ў СМІ і ўплываюць на ўспрыманне рэлігійнай супольнасці ўладамі і грамадскай думкай.

Біскупы прызналі, што не заўсёды лёгка заявіць аб сваёй веры, асабліва калі гучыць шмат абвінавачванняў у адрас людзей Касцёла. “Касцёл мае патрэбу ў пастаянным абнаўленні, але, дыстанцуючыся ад яго, мы яму не дапаможам. Давайце заявім пра сваю прыналежнасць да яго, а потым паспрабуем перш за ўсё заставацца святымі, каб яму больш давяралі”, - гаворыцца ў заяве чэшскага епіскапату.

Іерархі цытуюць Езуса: “Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах” (Мц 10, 32). “Пакажам, што мы – католікі. Скажам грамадскасці: вы можаце разлічваць на нас”, - заклікалі біскупы Багеміі, Маравіі і Сілезіі.
 

19 сакавіка 2021, 11:56