Пошук

Vatican News
Міхаэль Кох, пасол Германіі пры Святым Пасадзе Міхаэль Кох, пасол Германіі пры Святым Пасадзе  

Пасол Германіі пры Святым Пасадзе пра праграму COVAX

Пасол Германіі пры Святым Пасадзе нагадаў, што вакцынацыя ў рамках праграмы COVAX ужо пачалася ў Гане і Кот-д'Івуары. Да канца мая ініцыятыва ахопіць яшчэ 130 краін.

Канчатковая мэта – вакцынацыя 20% насельніцтва свету да канца наступнага года, - адзначыў Міхаэль Кох. Ён выказаў здзіўленне навінамі аб тым, што нібыта такія багатыя дзяржавы, як Германія, клапоцяцца толькі пра абарону сваіх грамадзян. “Мы не адны. Мы з'яўляемся часткай чалавецтва і нясём за гэта адказнасць. Мы гэта ведаем”, - запэўніў дыпламат.

COVAX – гэта глабальная ініцыятыва кіраўніцтва краін і фармацэўтычных кампаній. Яе мэта – забеспячэнне справядлівага доступу да вакцыны супраць COVID-19 ва ўсіх краінах свету, асабліва ў самых бедных.

“Думаю, важна разумець, што дзяржавы, перш за ўсё, адчуваюць адказнасць за ўласных грамадзян. Гэта законны пункт гледжання. Аднак мы ведаем, што змагацца з COVID-19 мы зможам толькі ў тым выпадку, калі чалавецтва вырашыць гэтую праблему разам. Калі мы пераможам, то толькі разам, або ніхто не пераможа”, - падкрэсліў Кох у інтэрв'ю Vatican News.

Нямецкі дыпламат адзначыў, што натхненнем для стварэння праграмы COVAX стала ў тым ліку і вучэнне папы Францішка, які з самага пачатку свайго пантыфікату заклікае нікога не пакідаць без увагі і дапамогі. “Святы Пасад шмат зрабіў для пераадолення “вакцынацыйнага нацыяналізму”, нагадваючы, што не можна выратавацца паасобку, заклікаючы да салідарнасці ў духу чалавечага братэрства”, - заўважыў пасол Германіі.
 

23 сакавіка 2021, 11:17