Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (©Africa Studio - stock.adobe.com)

Старшыня COMECE: сёння ў Еўропе перэферыя – гэта пажылыя людзі

“Пажылыя людзі пакутуюць ад ізаляцыі, якая працягваецца ўжо год. Трэба забяспечыць іх іншымі сродкамі аховы і вывесці з ізаляцыі”, - лічыць старшыня Камісіі Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці.

Кардынал Жан-Клод Олерыш заклікаў пераасэнсаваць месца старэйшага пакалення ў грамадстве і нагадаў пра выключны ўнёсак і патэнцыял людзей пажылога ўзросту.

Люксембургскі арцыбіскуп адзначае, што падобны крок патрабуе пераасэнсавання паняцця прыгажосці, бо старасць таксама мае сваю прыгажосць. На думку іерарха, грамадства павінна вызваліцца ад эканамічнага ўтылітарызму, што дапаможа заўважыць годнасць кожнага чалавека, незалежна ад яго месца ў гаспадарчым працэсе.

Кардынал Олерыш нагадаў, што Францішак часта звяртае ўвагу на пэрыферыю. “Сёння ў Еўропе перэферыя – гэта пажылыя людзі”, - сцвердзіў іерарх і заахвоціў установы і палітыкаў змяніць ізаляцыю старэйшых людзей на іншыя формы іх аховы ад заражэння COVID-19.

“Калі я званю да старэйшых людзей, адчуваю, як моцна яны пакутуюць ад ізаляцыі, я чую іх крык. Гэта страшна. Штосьці тут не так. Трэба нешта з гэтым рабіць, каб паказаць, што жыццё людзей пажылога ўзросту мае сэнс, што яны нам патрэбны, што моладзі патрэбныя іх дзядулі і бабулі. Увесь іх аўтарытэт вынікае з жыццёвага досведу і любові. Таму зыходным пунктам для нас павінна быць перэферыя, якую сёння ўтварае старэйшае пакаленне, каб па-іншаму ўспрымаць грамадства”, - падкрэсліў Старшыня COMECE.
 

02 сакавіка 2021, 14:14