Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Экалагічнае вучэнне Францішка блізкае японцам

Японцы з вялікім разуменнем ставяцца да экалагічнага вучэння Францішка, змешчанага ў энцыкліцы Laudato si’, што ў значнай ступені прадыктавана аварыяй на АЭС у Фукусіме.

На гэта звярнуў увагу кс. Антуан дэ Манджур, французскі місіянер у краіне. На працягу многіх гадоў жыхары Японіі былі перакананы, што ядзерная энергія на 100% бяспечная, нават у выпадку землятрусу. Іх расчараванне настолькі глыбокае, што сёння большасць з іх патрабуе поўнай адмовы ад атамнай энергетыкі.

Гаворачы аб іншых наступствах катастрофы на Фукусіме, французскі місіянер прызнаў, што 90% інфраструктуры ўжо адноўлена. Аднак страх, пасеяны катаклізмам, усё яшчэ захоўваецца. Японцы вельмі стрымана ставяцца да Фукусімы. Да сённяшняга дня яны не хочуць купляць прадукты з гэтага рэгіёна.

Касцёл у Японіі адносна невялікі. Тым не менш, католікі імкнуцца сведчыць блізкасць да ахвяр, - адзначыў кс. дэ Манджур. “Нягледзячы на тое, што Касцёл не прымаў непасрэднага ўдзелу ў працы па адбудове, ён аддана і канкрэтным чынам дапамагае ахвярам, у прыватнасці тым, хто ўсё яшчэ жыве ў часовым жыллі. На працягу 5-6 гадоў пасля катастрофы пастаянная група каталіцкіх добраахвотнікаў прыязджала з усёй краіны ў рэгіён Фукусіма. У гэты час былі наладжаны міжасобасныя адносіны, і дапамога па-ранейшаму аказваецца ў розных формах”, - паведаміў святар.

Місіянер прызнаўся, што ў сваёй парафіі дапамагае прадаваць харчовыя тавары з раёна Фукусімы. “Гэта ініцыятыва дастаткова добра арганізавана, яна рэалізуецца і ў іншых японскіх дыяцэзіях. Каардынацыяй намаганняў па дапамозе займаецца адзін з дапаможных біскупаў Токіо. Ён прыцягвае валанцёраў, арганізоўвае дапамогу, наведвае ахвяр, каб паказаць, што, хоць і мінула 10 гадоў з дня катастрофы, гэта не значыць, што пацярпелых пакінуць без дапамогі”, - сказаў у інтэрв’ю для Vatican News кс. Антуан дэ Манджур.

Землятрус, цунамі і ядзерная аварыя закранулі Японію, асабліва прэфектуры Іватэ, Міягі і Фукусіма, дзесяць гадоў таму – 11 сакавіка 2011 г. З забруджаных тэрыторый было эвакуіравана каля 164 тыс. чалавек.
 

22 сакавіка 2021, 11:38