Пошук

Агульны выгляд старажытнага археалагічнага помніка Ур Агульны выгляд старажытнага археалагічнага помніка Ур 

Ірак: візіт Папы і адраджэнне старажытнага Ур

Reuters, пішучы пра візіт Папы ў Ірак, звяртае ўвагу на старажытны горад Ур. Згодна з Кнігай Быцця, менавіта адтуль Абрагам, якога хрысціяне, юдэі і мусульмане лічаць “айцом веры”, пачаў сваю пілігрымку.

Ужо ў 1970-х і 1980-х гг. туды пачалі прыбываць хрысціянскія пілігрымкі, але пазней пачатак вайны ў Іраку ў 2003 г., а нядаўна і пандэмія, іх практычна поўнасцю перапынілі. Аўтары задаюцца пытаннем, магчыма, візіт Францішка 5-8 сакавіка 2021 г. паспрыяе адраджэнню традыцыі?

Больш за палову людзей, якія жывуць у свеце, лічаць Абрагама “айцом веры", сцвярджае амерыканскі яўрэйскі пісьменнік Брус Фэйлер у сваёй кнізе Абрагам – падарожжа да сэрца трох рэлігій (Abraham: A Journey to the heart of Three Faiths). Ён спрабуе знайсці агульныя карані хрысціянства, юдаізму і ісламу менавіта ў веры гэтага біблейскага патрыярха.

Па словах археолагаў, Ур, размешчаны прыблізна ў 320 км на поўдзень ад Багдада, з'яўляецца адным з найстарэйшых гарадоў свету, палітычных і культурных цэнтраў. У сярэдзіне XIX ст. брытанскі консул Джон Джордж Тэйлар, які ў той час знаходзіўся ў Басры, першым адкрыў там старажытную храмавую вежу-зікурат прыкладна з XXI-XX ст. да нараджэння Хрыста, а ў ёй цыліндры з надпісамі ў клінапісным пісьме. Іх расшыфроўка пацвердзіла гіпотэзу пра тое, што Ур Халдэйскі, апісаны ў Бібліі, на самой справе існаваў.

У 1922-34 гг. Леанард Вулі праводзіў там новыя археалагічныя даследаванні ад імя Пенсільванскага ўніверсітэта і Брытанскага музея. Ён таксама даследаваў узгорак Зікурат і суседні жылы комплекс. Былі адкрыты каралеўскія грабніцы, у якіх, сярод іншага, знайшлі ўпрыгажэнні, музычныя інструменты, зброю і залатыя пасудзіны.

Паводле Reuters, сёння Ур, магчыма, патрабуе зусім новай канцэпцыі рэстаўрацыі і развіцця. Кіраўнік Упраўлення старажытнасцей і спадчыны Алі Кадхім Ганім ад імя ўрада выказаў надзею на "паўторнае адкрыццё Ур". У інтэрв'ю Reuters ён сказаў: “Мы ўскладаем вялікія надзеі на візіт Папы, бо гэта, безумоўна, паспрыяе павелічэнню колькасці турыстаў, якія прыязджаюць у Ур. Мы таксама спадзяёмся, што сюды пачне вяртацца ўсё больш і больш хрысціян”.
 

26 лютага 2021, 11:38