Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

ЗША: епіскапат заклікае выконваць прынцыпы дэмакратыі

Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў ЗША (USCCB) арцыбіскуп Хасэ Гомес з Лос-Анджэлеса заклікаў паважаць прынцыпы дэмакратыі і аднавіць нацыянальнае адзінства.

“Далучаюся да людзей добрай волі ў асуджэнні сённяшніх актаў насілля ў Капітоліі ЗША. Як амерыканцы, мы не такія. Я малюся за членаў Кангрэса і супрацоўнікаў Капітолія, а таксама за паліцыю і ўсіх, хто працуе над навядзеннем парадку і грамадскай бяспекі”, - заявіў іерарх у сувязі з бягучай палітычнай сітуацыяй у краіне.

“Мірная перадача ўлады – адна з прыкмет гэтага вялікага народа. У цяжкі момант мы павінны яшчэ раз аддацца каштоўнасцям і прынцыпам нашай дэмакратыі і аб'яднацца як адзін народ, адданы Богу. Даручаю ўсіх нас Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. Няхай яна павядзе нас мірным шляхам і здабудзе для нас мудрасць і ласку сапраўднага патрыятызму і любові да Радзімы”, - адзначыў старшыня епіскапату Злучаных Штатаў.

Беспрэцэдэнтныя ў сучаснай амерыканскай гісторыі падзеі ў Вашынгтоне, калі прыхільнікі прэзідэнта Дональда Трампа паспрабавалі захапіць Капітолій, выклікалі шок у сусветнай грамадскасці. Многія сусветныя СМІ называюць гэта нападам на дэмакратыю і галоўнай памылкай сыходзячага Прэзідэнта.
 

07 студзеня 2021, 11:37