Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Кардынал на Давоскім форуме пра “віруснасць” беднасці

“Калі мы гаворым пра чалавечую годнасць, то павінны яе падтрымаць, а не апускацца да кампрамісаў”: кардынал Пітэр Тарксан выступіў на Сусветным эканамічным форуме ў швейцарскім Давосе.

У гэтым годзе ў сувязі з пандэміяй каронавіруса пасяджэнні ў рамках міжнароднага форуму, які праходзіць 25-29 студзеня 2021 г., адбываюцца ў анлайн-фармаце.

У сваім выступленні прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека выказаў асаблівую занепакоенасць уразлівасцю беднай часткі свету перад выклікам пандэміі. Па яго словах, эпідэміялагічны крызіс моцна скалануў планету і зрабіў жыццёва неабходнай салідарнасць.

“Многія краіны здольныя вырабляць лекі, і, калі б інтэлектуальная ўласнасць была спрошчана, можна было б пераносіць гэтую вытворчасць на мясцовы ўзровень”, змяншаючы маштабы заражэння, а даследаванні “альтэрнатыўных спосабаў тэрапіі” маглі б дапамагчы “ў супрацьстаянні надзвычайнай сітуацыі і знізіць узровень смяротнасці”, - выказаў меркаванне пурпурат.

Кардынал Тарксан заўважыў, што ва ўмовах пандэміі пытанне вакцынацыі прыярытэтнае, але не адзінае. Па яго словах, неабходна спыніць беднасць, пакуль яна не стала “віруснай”. Менавіта таму створаная Папам Камісія па надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй, вызначыла тры асноўныя напрамкі дзейнасці па дапамозе людзям у патрэбе: зямля, праца і дом.

“Сёння мы рухаемся ў гэтых трох кірунках, каб мець упэўненасць, што людзі маюць месца, дзе спаць, а гэта значыць, абараніць сям’ю, яе бяспеку і дабрабыт”, - сказаў прэфект.

Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека заклікаў дзяржаўных лідараў “пастарацца стварыць платформу з сацыяльнай эканамічнай палітыкай”, здольнай “клапаціцца адзін пра аднаго”, і нагадаў, што менавіта салідарнасць стварае і распаўсюджвае “чалавечае братэрства”.
 

29 студзеня 2021, 11:48