Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Пасад у АБСЕ: антысемітызм супярэчыць хрысціянству

Святы Пасад асуджае ўсе старыя і новыя формы антысемітызму, - падкрэсліў Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры АБСЕ. Ён заклікаў да міжрэлігійнага дыялогу, як прылады міру і ўзаемнай павагі.

Мансеньёр Януш Урбанчык прыняў удзел у пасяджэнні Пастаяннай рады арганізацыі, якое было прысвечана Міжнароднаму дню памяці ахвяр Халакосту. Ватыканскі дыпламат заўважыў, што “для хрысціяніна любая форма антысемітызму – гэта адмаўленне сваіх хрысціянскіх каранёў і поўная супярэчнасць”.

Гаворачы пра значэнне Дня памяці, які адзначаўся 27 студзеня, у 76-ю гадавіну вызвалення канцэнтрацыйнага лагера “Аўшвіц-Біркенаў”, святар нагадаў пра “жудасны пераслед і знішчэнне яўрэяў нацысцкім рэжымам”, а таксама пра тысячы іншых ахвяр забойчага і бесчалавечнага вар’яцтва нацыстаў: прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, вызнаўцаў розных рэлігій і канфесій.

Мансеньёр Урбанчык заклікаў узгадаць і людзей, якія абаранялі тых, каго пераследавалі, рызыкуючы сваім жыццём і змагаючыся з жудаснай бязлітаснасцю, якая іх акружала.

Прадстаўнік Святога Пасаду пры АБСЕ заўважыў, што неабходна працягваць рэфлексію і захоўваць жывую памяць пра тыя часы, каб не дапусціць іх паўтарэння. Ён падкрэсліў, што яшчэ адным “неад’емным інструментам” для барацьбы з антысемітызмам з’яўляецца міжрэлігійны дыялог, бо яго мэта заключаецца ў спрыянні “міру, узаемнай павазе, абароне жыцця, рэлігійнай свабоды і клопату аб стварэнні”.

“Розныя рэлігіі, паважаючы каштоўнасць кожнай чалавечай асобы як стварэння, пакліканага быць Божым дзіцём, уносяць значны ўклад у пабудову братэрства і абарону справядлівасці ў грамадстве”, - нагадаў ён словы Папы з энцыклікі Fratelli tutti.

Мансеньёр Урбанчык заўважыў, што “на працягу апошніх гадоў назіраецца пашырэнне атмасферы варожасці і антаганізму, у якой антысеміцкая нянавісць праявілася ў шэрагу нападаў у розных краінах”. Гэта атмасфера закранае таксама рэгіён АБСЕ. У сувязі з гэтым ён падкрэсліў, што Дзень памяці “не павінен быць простым успамінам, але таксама папярэджаннем аб тым, што антысемітызм, калі з ім не змагацца сумеснымі намаганнямі, на жаль, працягне распаўсюджвацца ў нашым рэгіёне і па-за ім”.
 

30 студзеня 2021, 11:03