Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Паўночная Карэя: пераслед хрысціян і культ сям’і Кім

У паўночнакарэйскіх працоўных лагерах знаходзіцца не менш за 50 тыс. хрысціян. Злачынствам, за якое іх асудзілі, была вера ў Хрыста.

Паколькі незалежныя назіральнікі не маюць магчымасці працаваць у Паўночнай Карэі, дадзеныя з'яўляюцца толькі ацэначнымі. Аднак расследаванне Камісіі ААН па правах чалавека адназначна сцвярджае, што ў гэтай краіне свабода не паважаецца ва ўсіх адносінах, уключаючы рэлігію і слова.

Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка гадамі знаходзіцца ў верхняй частцы індэкса краін, дзе хрысціян пераследуюць найбольш жорстка. Працягваецца антырэлігійная індактрынацыя, дзе ў лозунгах сацыялістычнай прапаганды нацыя зводзіцца да ролі бога, а вышэйшы кіраўнік і старшыня Працоўнай партыі Кім Чэн Ын прыраўноўваецца да яе прарока.

З 1948 г. 25-мільённае насельніцтва краіны з’яўляецца рабамі адзінай у свеце спадчыннай сямейнай дыктатуры, дзе ўлада пераходзіць ад бацькі да сына, і дзе адзіны дазволены культ адносіцца да сям’і Кім.

У дакладзе ААН паведамляецца, што за наяўнасць Бібліі або малітву чалавек без суда трапляе ў працоўны лагер, многія адтуль не вяртаюцца. Любая рэлігійная практыка лічыцца злачынствам, але хрысціянства, якое называецца “опіумам для народа”, падвяргаецца асабліваму пераследу.

У аанаўскай справаздачы падкрэсліваецца, што ў Паўночнай Карэі свабода адсутнічае цалкам. Нават дазвол на змену працы або месца жыхарства павінен быць атрыманы ў адпаведным падраздзяленні кіруючай партыі, якое, каб выдаць яго, правярае лаяльнасць да сям’і Кім аж да некалькіх пакаленняў.
 

27 студзеня 2021, 12:30