Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Ватыканскі дыпламат на месцы землятрусу ў Харватыі

Харваты патрабуюць дапамогі, каб пераадолець наступствы землятрусу, які адбыўся 29 снежня 2020 г., - падкрэсліў Апостальскі нунцый у Харватыі арцыбіскуп Джорджа Лінгва.

Ватыканскі дыпламат ад імя Святога Айца наведаў тэрыторыі, якія найбольш пацярпелі ад катаклізму. Ён заўважыў, што трагедыя выклікала вялікую хвалю салідарнасці ў краіне. Дапамогу пацярпелым аказваюць каля тысячы валанцёраў, але, у той жа час, Харватыя патрабуе доўгатэрміновай дапамогі. Землятрус нанёс вялікую шкоду рэгіёну, які ўжо пакутаваў ад цяжкога сацыяльна-эканамічнага крызісу, таму існуе пагроза масавай міграцыі, у тым ліку з такіх гарадоў як Пятрына і Сісак.

“Найбольшай праблемай, аднак, з’яўляецца тое, што зямля дрыжыць дагэтуль. Гэта вельмі кепска ўплывае на людзей. Пазбаўляе іх даверу і сее страх. Людзі не ведаюць, ці змогуць тут застацца, ці таксама будуць вымушаны з’язджаць”, - падзяліўся арцыбіскуп Лінгва.

Папскі прадстаўнік прызнаўся, што глыбока ўражаны мясцовай моладдзю, якая здолела самаарганізавацца перад абліччам няшчасця, каб аказваць дапамогу ахвярам землятрусу. Вялікі ўнёс робіць таксама каталіцкая дабрачынная арганізацыя “Caritas”.
 

09 студзеня 2021, 15:20