Пошук

Vatican News
Гусман Карыкіры Лекур падчас уручэння даверчых грамат Францішку Гусман Карыкіры Лекур падчас уручэння даверчых грамат Францішку  (Vatican Media)

Папа пацвердзіў свой намер здзейсніць візіт ва Уругвай

Магчымасць Апостальскага візіту Францішка ва Уругвай па-ранейшаму застаецца ў парадку дня. Папа пацвердзіў гэта падчас прыняцця даверчых грамат новага пасла Уругвая пры Святым Пасадзе Гусмана Карыкіры Лекура.

Пра кароткую размову са Святым Айцом, якая адбылася 9 студзеня 2021 г., новапрызначаны дыпламат расказаў у інтэрв’ю Catholic News Service. Па словах Карыкіры, Францішак запэўніў яго ў сваім жаданні і намеры наведаць Рыа-дэ-ла-Плата – у прыватнасці, Уругвай і родную Аргентыну.

Папа прызнаўся, што першапачаткова планаваў здзейсніць візіт у шэраг краін Паўднёвай Амерыкі ў кастрычніку 2017 г., аднак тады аб пераносе падарожжа на больш позні час папрасіў чылійскі бок у сувязі з тым, што ў краіне набліжаліся прэзідэнцкія выбары.

Францішак патлумачыў Гусману Карыкіры, што “цяпер вымушаны чакаць заканчэння пандэміі і ў цэлым спрыяльных умоў”, каб, “калі дазволіць Божы Провід”, ажыццявіць паездку.

Карыкіры добра знаёмы з спецыфікай Святога Пасаду, паколькі доўгія гады быў яго супрацоўнікам. Яшчэ ў 1974 г. Павел VI прызначыў яго членам Папскай рады па справах свецкіх, а ў 1977 г. кіраўніком аднаго з яе аддзелаў. Падчас пантыфікату св. Яна Паўла ІІ уругваец стаў падсакратаром гэтай дыкастэрыі. А ў 2011 г., падчас пантыфікату Бэнэдыкту XVI, – сакратаром Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі – структуры, якая разам з Кангрэгацыяй па справах біскупаў каардынуе ўзаемадзеянне Апостальскай Сталіцы з Касцёлам у рэгіёне.

Францішак, які цесна супрацоўнічаў з Карыкіры яшчэ падчас свайго служэння ў Буэнас-Айрэсе, у 2014 г. прызначыў яго віцэ-старшынёй вышэйузгаданай Камісіі. Ён стаў першым у гісторыі свецкім, які заняў гэту высокую пасаду ў Рымскай курыі.
 

16 студзеня 2021, 10:59