Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

Касцёл заклікае Байдэна зняць санкцыі супраць Сірыі

Блізкаўсходнія рэлігійныя лідары заклікалі Джо Байдэна адмяніць эканамічныя санкцыі супраць Сірыі. Іх падтрымлівае спецдакладчыца ААН па негатыўным уплыве аднабаковых прымусовых мер на правы чалавека.

У сваім лісце іерархі таксама звяртаюцца з просьбай дапамагчы сірыйцам вырашыць гуманітарны крызіс, які пагражае выклікаць новую хвалю дэстабілізацыі на Блізкім Усходзе. Падпісантамі, сярод іншых, сталі сіра-каталіцкі Патрыярх Ігнацы Юсэф III Юнан, мельхіцкі каталіцкі Патрыярх Юсэф Абсі і сіра-якавіцкі праваслаўны Патрыярх Ігнацы Эфрэм II.

Генеральны сакратар Блізкаўсходняй Рады Цэркваў Мішэль Абс, які накіраваў ліст у Вашынгтон, падкрэсліў, што санкцыі, уведзеныя ЗША, парушаюць правы чалавека ў Сірыі і пагаршаюць і без таго трагічную гуманітарную сітуацыю ў краіне, асабліва падчас пандэміі. Каронавірус хутка распаўсюджваецца, паколькі мясцовая сістэма аховы здароўя была разбурана ваеннымі гадамі і дзеючымі санкцыямі.

Гэтай пазіцыі прытрымліваецца і Алена Доўгань, спецдакладчыца ААН па негатыўным уплыве аднабаковых прымусовых мер на правы чалавека, якая лічыць, што падчас цяперашняга эпідэмічнага крызісу бесчалавечна блакіраваць гандаль і неабходныя інвестыцыі ў функцыянаванне сістэмы аховы здароўя Сірыі.

Яна адзначыла, што ў апошні час паміж гуманітарнымі і праваабарончымі арганізацыямі расце кансэнсус наконт таго, што санкцыі нязначна ўплываюць на палітычны і фінансавы істэблішмент, хоць прыводзяць краіну да гуманітарнай катастрофы. Ад іх наступстваў найбольш пакутуюць самыя бедныя.

Спецдакладчыца ААН падкрэсліла, што яшчэ 10 гадоў таму Сірыя была харчовай базай рэгіёну, а цяпер яна знаходзіцца на мяжы голаду. Ужо ў чэрвені Сусветная харчовая праграма папярэдзіла, што палова сірыйцаў кладзецца спаць галоднымі, а краіна знаходзіцца на мяжы абвалу.
 

26 студзеня 2021, 13:38