Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа выказаў салідарнасць з італьянскімі фермерамі

Святы Айцец прывітаў удзельнікаў анлайн-канферэнцыі італьянскай асацыяцыі вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі Coldiretti – аднаго з самых буйных у Еўропе фермерскіх аб’яднанняў.

Сустрэча на тэму важнасці сельскагаспадарчага сектару для італьянскай эканомікі падчас пандэміі распачалася 15 снежня 2020 г. у анлайн-фармаце. Ад імя Францішка пасланне да яе ўдзельнікаў скіраваў кардынал Дзяржсакратар П’етра Паралін.

Іерарх запэўніў у падтрымцы Папы, які лічыць падзею сапраўдным заклікам да “кожнага чалавека добрай волі пераасэнсаваць адносіны паміж чалавекам, прыродай і Стварыцелем”, што асабліва неабходна ў наш час. Францішак пажадаў, каб сустрэча спрыяла “паглыбленню раўнавагі і еднасці, пошуку логікі служэння, а не прыбытку, клопату і ўвагі да прыроды, як да гасціннага дома для ўсіх, а не эксплуатацыі рэсурсаў”.

Пантыфік заахвоціў удзельнікаў форуму ўсцяж крочыць “новымі сцежкамі на шляху міласэрнай любові і салідарнасці на карысць глабальнага і больш праўдзівага адказу на феномен беднасці і няроўнасці між народамі, асабліва ў гэты вызначальны перыяд сусветнай гісторыі”.

Асацыяцыя Coldiretti была заснавана ў 1944 г. у якасці прафсаюза дробных вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі ў Італіі. Паступова яна стала адным з самых буйных фермерскіх аб’яднанняў не толькі ў краіне, але і на кантыненце. На сённяшні дзень арганізацыя налічвае каля 1,6 млн членаў.
 

15 снежня 2020, 11:30