Пошук

Ілюстрацыя кампаніі Yes Mask у Instagram Ілюстрацыя кампаніі Yes Mask у Instagram  

Yes Mask: педыятрычны шпіталь Ватыкана заклікае да нашэння масак

“Чэмпіёны носяць маскі” – пад такім дэвізам ватыканская педыятрычная клініка Bambino Gesù запусціла ў Instagram сацыяльную кампанію “Yes Mask”, якая заахвочвае да выкарыстання ахоўных масак.

Да ініцыятывы далучылася Італьянская федэрацыя футбола, якая супрацоўнічае са шпіталем з 2019 г., калі медыцынская ўстанова адзначала 150-годдзе заснавання.

Кампанія Yes Mask, накіраваная на пашырэнне культуры аховы здароўя – уласнага і іншых людзей – у разгары пандэміі каронавіруса, была распачата 16 кастрычніка 2020 г. Яе галоўная мэта – данесці, найперш, да маладых людзей заклік аб неабходнасці нашэння ахоўных масак.

Першапачаткова па ініцыятыве педыятрычнай клінікі Bambino Gesù ў Instagram быў створаны фільтр, які дазваляе выбраць адну з 12-ці масак розных колераў і з рознымі надпісамі, каб налажыць гэты эфект на фота ці відэа, якое здымаецца на смартфон.

Калі да кампаніі далучылася Італьянская федэрацыя футбола, з’явілася і новая версія фільтра – Azzurri Mask. Выбраўшы яго, карыстальнік атрымлівае магчымасць выбраць адну з двух масак: з надпісам FIGC (Federazione Italiana Gioco Calcio) або OPBG (Ospedale Pediatrico Bambino Gesù). Фотаздымкам з выкарыстаннем такога фільтра можна падзяліцца праз уласны профіль у Instagram, дапамагаючы, такім чынам, ініцыятарам кампаніі распаўсюджваць культуру нашэння ахоўных масак у час пандэміі.

Самі члены мужчынскай і жаночай Нацыянальных зборных Італіі па футболе абяцаюць падтрымаць ініцыятыву падчас бліжэйшых матчаў.
 

10 лістапада 2020, 10:36