Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (AFP or licensors)

У ЗША створана першая ў свеце хрысціянская авіякампанія

У 2021 г. павінна пачаць працу першая ў свеце хрысціянская авіякампанія Judah 1. Мэта яе дзейнасці: падтрымка палётаў місіянераў і рэалізацыя ініцыятыў дапамогі ў ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў.

Кампанія была заснавана яшчэ ў 2011 г. пілотам і пастарам Евангельскай царквы Эверэтам Ааронам. Як піша амерыканскі сайт The Christian Post, яна ўжо мае ліцэнзію Федэральнай авіяцыйнай адміністрацыі ЗША (FAA), неабходную для паветранага руху.

“Мы хацелі б мець 3 ці 4 вялікіх самалёты да канца наступнага года”, - прызнаўся Аарон. Раней яго кампанія фрахтавала для місіянераў меншыя самалёты. Цяпер авіяпарк пашырыўся Boeing 767-200ER, умяшчальнасць якога складае 238 чалавек і 30 тон грузаў. На сайце Judah 1 паведамляецца, што ёсць іншыя тры самалёты: Westwind I, Cesna і McDonnell Douglas MD-83.

Пастар кажа, што заснаваў Judah 1 у выніку гісторыі, якая адбылася з ім у 1994 г. Як ён прызнаўся, тады “вачыма душы” ён убачыў самалёты, “напоўненыя ежай, медыцынскімі матэрыяламі і кнігамі Бібліі”. Перад імі стаялі людзі. Калі Аарон спытаў Бога, чаму яны не садзяцца ў самалёты, Бог адказаў: “Яны не змогуць ляцець з сваёй місіяй, калі ты не дасі самалёт у іх распараджэнне”.

За квіткі плацяць самі місіянеры, але правоз любога багажу бясплатны. Аарон заўважыў, што каля 50% місіянерскіх грузаў, якія перавозяцца кантэйнерамі, не трапляюць да адрасатаў; яны падоўгу затрымліваюцца на мытні: ежа псуецца, некаторыя рэчы проста губляюцца. Таму бясплатны багаж робіць авіякампанію канкурэнтаздольнай на рынку.


Па словах заснавальніка, “гуманітарная” авіякампанія мае і іншыя плюсы. Напрыклад, зараз яе самалёты могуць прызямляцца ў краінах, закрытых для паветранага руху з прычыны каронавіруса.
 

19 лістапада 2020, 13:57