Пошук

Vatican News
Пленарны зал Савета Еўропы. Ілюстрацыйнае фота Пленарны зал Савета Еўропы. Ілюстрацыйнае фота  

Кардынал Паралін: Еўропа павінна быць домам для кожнага чалавека

На абароне годнасці чалавека засяродзіўся кардынал П’етра Паралін у прамове да членаў Савета Еўропы з нагоды 50-годдзя місіі пастаяннага назіральніка, якую ў ім выконвае Святы Пасад.

Дзяржсакратар Яго Святасці ўзнавіў гісторыю супрацоўніцтва на карысць абароны правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства закону, якая пачалася ў 1962 г., і нагадаў пра неаднаразовыя заклікі папы Францішка да “аднаўлення Еўропы ў духу ўзаемнага служэння”, аб чым марылі яшчэ яе заснавальнікі.

Пурпурат запэўніў, што Святы Пасад і Савет Еўропы працягнуць па-ранейшаму працаваць разам на карысць чалавека і абароны яго годнасці. Асабліва сёння, ва ўмовах пандэміі, Святому Пасаду недастаткова “назіраць” рэчаіснасць: ён зацікаўлены ў тым, каб “будаваць структуры салідарнасці на ўсеагульную карысць” праз маральны ўплыў, які ажыццяўляе пры дапамозе сваіх ацэнак як “эксперт у чалавечнасці” і актыўнага супрацоўніцтва на розных узроўнях прыняцця рашэнняў.

“Маё шчырае пажаданне – каб Еўропа стала домам чалавечай асобы і каб Савет Еўропы, згодна са сваім мандатам – асновай свайго заснавання, працягваў спрыяць усё больш прамяністаму ззянню праўды пра чалавека”

, - сказаў кардынал Паралін.

Па яго словах, першай універсальнай праўдай пра чалавека з’яўляецца яго высакароднасць, а значыць і свабода ад любой формы нявольніцтва, як матэрыяльнага, так і духоўнага. Тым не менш, рабства працягвае існаваць, прымаючы розныя формы, і трэба вырашаць гэтую праблему, ідучы шляхам падпарадкавання “ўсіх нашых інтарэсаў служэнню чалавеку як найбольш важнай мэце нашай працы”.

Другая ўніверсальная праўда заключаецца ў тым, што Зямля з’яўляецца домам чалавека, а значыць кожная асоба і кожны інстытут павінны пра яе клапаціцца, і пандэмія каронавіруса “не можа перашкодзіць гэтаму намаганню”, - выказаў перакананне кіраўнік ватыканскай дыпламатыі.

Трэцюю ўніверсальную праўду кардынал Паралін бачыць у служэнні чалавеку, якое, па яго словах, павінна грунтавацца на фундаментальнай антрапалагічнай перадумове – неабходнасці ўспрымаць чалавека ў яго паўнаце, у лучнасці цела, душы, сэрца, розуму, паклікання да адзінства, універсальнага братэрства і любові, якая не ведае абмежаванняў.

Іерарх засяродзіўся на праблеме міграцыі і адзначыў, што, прымяніўшы да яе такі падыход, можна перамяніць свядомасць людзей, з тым каб мігранты пачалі ўспрымацца як асобы, якіх трэба прымаць разам з іх правамі і абавязкамі, а не выкарыстоўваць як танны інструмент.

Пурпурат заклікаў працаваць на карысць гарантавання “бяспечнай, упарадкаванай і сістэматызаванай міграцыі” і ў сувязі з гэтым ухваліў шматлікія адукацыйныя і выхаваўчыя ініцыятывы, бо яны сведчаць не толькі пра “ліквідацыю непісьменнасці, але і пра выкараненне дыскрымінацыі, пра культуру міру, абарону моў і культур этнічных меншасцей”.

Чацвёртая ўніверсальная праўда датычыць саперніцтва, заснаванага на ўзаемнай павазе, якое дэманструе прыхільнасць дзяржаў, міжнародных арганізацый, рэлігій, дабрачынных арганізацый да вышэйшай праўды, да чалавекалюбства. Такое саперніцтва можа ўратаваць чалавека, - упэўнены кардынал Паралін.

“Калі б кожны з нас, прадстаўнікоў розных краін, стаў паслом міру ва ўласных урадах, можна было б сапернічаць, ствараючы як мага больш міру для нас саміх і для сумежных з намі краін”

, - падкрэсліў іерарх.

Нарэшце, дзве апошнія ісціны, на якіх засяродзіўся Дзяржсакратар Яго Святасці, датычаць паклікання да канкрэтных дзеянняў і да праяўлення салідарнасці. Гэта стала асабліва відавочным ва ўмовах пандэміі. “Толькі любоў, толькі дух салідарнасці, які з самага пачатку вылучаў Еўропу, уратуе тых, хто знаходзіцца ў адной лодцы, у адным доме, на адной зямлі”, - заключыў іерарх.

Кардынал Дзяржсакратар заклікаў членаў Савета Еўропы працягваць “будаваць справядлівую, з’яднаную, адкрытую і інклюзіўную Еўропу” і запэўніў у далейшай падтрымцы гэтай місіі з боку Святога Пасаду. “Зрабіце з Еўропы дом для кожнага чалавека, зрабіце так, каб кожны адчуваў сябе тут як дома, у атмасферы братэрства”, - пажадаў ватыканскі іерарх.
 

14 лістапада 2020, 11:04