Пошук

Vatican News
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Паўночная Карэя: метады нацысцкіх канцлагераў супраць хрысціян

Хрысціян у Паўночнай Карэі ўсё больш пераследуюць. Метады, якія да іх прымяняюцца, падобныя да тых, якія практыкаваліся ў нацысцкіх канцлагерах.

Інфармацыя змешчана ў апошнім дакладзе няўрадавай арганізацыі Korea Future Initiative. Яна сабрала сведчанні жорсткага пераследу нават 3-гадовых дзяцей.

Эксперты размаўлялі з больш чым ста людзьмі, якія правялі больш ці менш працяглы час у працоўных лагерах для хрысціян. Звярыныя катаванні сустрэлі іх толькі за тое, што яны проста маліліся дома, мелі крыж ці фігурку святога. Распаўсюджванне рэлігійных кніг і Бібліі з’яўляецца асабліва караным злачынствам. Катаванні, якія прымяняюцца да зняволеных ва ўзросце ад 3 да 80 гадоў, – гэта збіццё, удушэнне, пазбаўленне вады, ежы і сну.

“Калі хтосьці лічыць, што Аўшвіц належыць мінуламу, ён глыбока памыляецца”, - сказала адна з жанчын, якая, нягледзячы на жорсткія катаванні, перажыла лагер, куды трапіла за тое, што расказвала сваім блізкім пра Бога.

Аўтары справаздачы паведамляюць пра жорсткі лёс жанчын, якіх згвалтавалі каты, а пазней прымусілі здзейсніць аборт. “Ім унутрывенна ўводзяць лекі, якія выклікаюць роды. Калі дзіця нарадзілася жывым, ахоўнікі накладваюць на яго галаву поліэтыленавы пакет і прымушаюць маці назіраць за яго смерцю”, - распавяла адна з жанчын. Яна паведаміла, што на дзецях праводзяцца розныя віды медыцынскіх эксперыментаў, іх гвалцяць ахоўнікі.

Адзін з пастараў, зняволены на некалькі гадоў, успамінае словы сваіх мучыцеляў: “Яны сказалі мне, што мы не баімся ядзернай бомбы, але мы баімся такіх людзей, як вы, якія прыносяць веру ў Езуса ў нашу краіну. Калі наша радзіма стане Божай краінай, наша ўлада ўпадзе”.

У дакладзе падкрэсліваецца, што свет заплюшчыў вочы на драматычны лёс хрысціян у кіраванай камуністамі Паўночнай Карэі. Але яны, нягледзячы на свой лёс і на тое, што іх чакае, застаюцца вернымі Хрысту.
 

05 лістапада 2020, 12:52